BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Руся: Запрашаем прыйсці на наш канцэрт і абудзіць маму-Багну

Імпрэза для тых, хто сумуе па Беларусі, разгорнецца ў Варшаве 23 траўня. Менавіта тады гурт ŠUMA прэзентуе свой новы вініл BAHNA. Акрамя таго, гасцей падзеі чакае перформанс ад SPIEVY, маркет, тэматычная выстава і шматлікае іншае.

Пра падзею і вяртанне да каранёў Госця Рацыі – сурганізатарка вечару, стваральніца ŠUMA Марына Руся Шукюрава распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Што будзе адбывацца на канцэрце 23 траўня?

Руся: 23 траўня мы прэзентуем гуртом ŠUMA вініл, які называецца BAHNA. Гэта незвычайная музыка, вельмі на аматара, вузкая ніша. Такі стыль называецца гіпна-тэхна. Але не пужайцеся, гэта не такое дун-дун-дун. Гіпна – азначае павольнае, магічнае, гіпнатычнае, рэлаксійнае. Мы выбралі адмыслова такі стыль, гіпна-тэхна, каб рабіць на канцэртах яшчэ і саўнд-тэрапію, гукавую тэрапію, таму што ў эміграцыі жыць складана, кожны хоча дадому, людзям часта нельга дадому паехаць, хочацца быць разам, а разам сабрацца складана. Таму мы вырашылі зрабіць такую вялікую тусоўку, дзе мы прадставім свой вініл, дзе мы пакажам некалькі новых ды-джэяў, маладых, якія толькі пачынаюць.

Мы таксама запрасілі нашых майстрыц, беларускіх жанчын творцаў, на маркет. Можна будзе што-небудзь купіць, патусавацца, пабачыцца, разам пабыць. Таксама робім выставу аднаго вечара Макса Осіпава, які добра карэлюецца з «Багнай», бо ў яго такія міфічныя істоты на цёмнай тканіне. І ў зале, дзе будзе праходзіць выстава на гэтых дыванках, наш калега і прыяцель Паша Плаха робіць вялікую інсталяцыю на 8 метраў у даўжыню. Гэтая інсталяцыя будзе прысвечаная таксама «Багне». Больш за тое, да нас далучыліся даследчыкі і сабралі для нас гукі сапраўднай беларускай багны – і на золку, і на заходзе, і ўначы.

Мы стварылі такі мікст, для таго, каб людзі змаглі, па-першае, пабыць разам, па-другое, адчуць акустычную атмасферу роднай зямлі, гэтыя балотныя ландшафты, пабачыць гэта ў візуальнай інсталяцыі, і паслухаць нашу музыку, бо гіпна-тэхна, звязаная разам з электронікай, працуе на двух узроўнях – першы, гэта ўзровень цела, калі мы чуем гэтыя ўсялякія фішачкі менавіта стылю гіпна-тэхна, гэта фактурная музыка, там не столькі важная мелодыя і гармонія, колькі сама фактура гуку, як усё хрусціць, як там басам цісне на твой жывоцік, гэта вельмі прыемна целам адчуваць, то бок мы дапамагаем такой музыкай разняволіць сваё цела; а этнічны кампанент – ён праграмуе, перапрашывае нашае мысленне на такія агульнапрынятыя нормы.

Калі слухаеш этнічныя песні, ты не думаеш пра ZUS, пра падаткі, пра эміграцыю, а думаеш пра роднае поле, маму, бабулю, то бок, мы нібыта, калі праслухоўваем этна, спускаемся з такога гарадскога чалавека ў мітусні да чалавека простага, які проста жыве на зямлі.

Мы з Лёшам, пакуль гэтую праграму рэпетавалі, да канцэрту рыхтаваліся, то паміж сабой пагадзіліся, што гэта сапраўдны рытуальны канцэрт для людзей на балоце. І я запрашаю ўсіх беларусаў і беларусаў, усіх, каму цікава, перапрашыцца ментальна і разняволіцца целам, прыйсці і абудзіць гэтую маму-Багну.

Цалкам размова:

Імпрэза пройдзе на пляцоўцы Mala Warszawa. Пачатак у 19:00.
Квіткі: https://ra.co/events/2156241/

Сачыць за дзейнасцю гурта ŠUMA можна ў інстаграм-акаўнце калектыву.

Беларускае Радыё Рацыя