Беларуская мастачка і музыка Анастасія Рыдлеўская выпускае новую песню, а разам з ёй — і кліп на яе. Petit Oiseau — гэта змрочная, насычаная загадкамі, забаронамі і цягай да іх песня, якой Рыдлеўская абазначае новы паварот у сваёй творчасці.

«Гэтая песня — свайго роду код, зашыфраванае пасланне, якое можна прачытаць рознымі спосабамі, — кажа Анастасія. — Яе тэкст нагадвае шпіёнскі дзённік або запіс з архіва таемнай арганізацыі. Гэта гульня ў кошкі-мышкі паміж двума постацямі, якія могуць быць кім заўгодна: агентамі разведкі, паляўнічым і здабычай, штучным інтэлектам і чалавекам, богам і смяротным.
Лірычны герой песні балансуе на мяжы — ён баіцца адкрыць тое, што хавае ўнутры, таму што ведае: калі гэта выйдзе вонкі, наступствы будуць разбуральнымі. Магчыма, гаворка ідзе не пра пачуцці, а пра веды, якія нельга агучваць, або пра таямніцу, што павінна застацца забытай. Мяжа паміж праўдай і хлуснёй размытыя, апантанасць можа ахапіць розум, нават калі чалавек з усіх сіл спрабуе гэтаму супрацьстаяць».
Па словах Анастасіі, мова песні была абрана французскай, бо дазволіла напоўніцу стварыць атмасферу таямнічасці і сэнсавай шматузроўневасці, надаўшы гучанню асаблівую элегантнасць і загадкавасць.
Адначасова з песняй Petit Oiseau выходзіць кліп. Яго рэжысёрам выступіў музыка, аўтар падкаста Palatá і менеджер Анастасіі Ілля Trince. У сваёй дэбютнай рэжысёрскай працы Ілля з дапамогай яркіх вобразаў зрабіў акцэнт на адной з апантаннасцей, якая як адвечны ураборас віецца праз лёсы мільёнаў людзей. Якой — яшчэ адна загадка гэтага твора.
«Калі я слухаю песні, я часта думаю пра тое, як яны могуць выглядаць, — кажа Ілля. — Раней я складзіраваў гэтыя візуальныя вобразы ў сваёй свядомасці да лепшых часоў, а тут, дзякуючы даверу Анастасіі, вырашыў дзейнічаць. Спачатку у мяне былі толькі адчуванні: тое, што я чую, гучыць на мяжы нармальнасці і ненармальнасці, прыгожа і адначасова дыскамфортна, пужае і зачароўвае. Гэта была аснова, ад якой я выбудоўваў сваё выказванне, а яго інтэрпрэтацыю я пакіну свабоднай для гледачоў і глядачак кліпа».
Petit Oiseau — гэта апошні сінгл з новага, трэцяга альбома Анастасіі Рыдлеўскай, выхад якога запланаваны на 28 сакавіка 2025 года. У красавіку пройдзе серыя канцэртаў-прэзентацый альбома ў Гданьску і Варшаве.
Паводле прэс-рэлізу