BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рыгор Астапеня: Бачым выразны запыт на развіццё ўласнай ідэнтычнасці

Летняя школа для моладзі, якая цікавіцца культурай, медыя, спадчынай ці ідэнтычнасцю адбудзецца ў Варшаве. Яе будзе ладзіць ініцыятыва MALDZIS. Заняткі пройдуць з 21 ліпеня да 7 верасня. Якія веды можна будзе атрымаць на іх, сённяшні Госць Рацыі – суарганізатар школы, апякун MALDZIS Рыгор Астапеня – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

Фота Рыгора Астапені.

РР: Як наогул з’явілася ідэя правядзення такой школы?

Рыгор Астапеня: Мы бачым выразны запыт сярод беларусаў на развіццё ўласнай ідэнтычнасці, на развіццё беларускасці. Мы бачым, што досыць шмат маладых людзей гэтым цікавіцца. Мы ўжо не маладыя, маем пэўны жыццёвы досвед, якім можам падзяліцца, і мы вырашылі, што дапаможам гэтым ініцыятывам у развіцці, арганізаваўшы для іх летнюю школу, дзе яны могуць навучацца з найлепшымі людзьмі, якія займаюцца з ідэнтычнасцю ў Беларусі. Можа быць не з усімі, праграма ўсё ж такі мае свае абмежаванні па колькасці заняткаў, але мне падаецца, што мы здолелі сабраць вельмі добры склад спікераў, якія будуць займацца гэтым праектамі.

РР: Калі пра спікераў… Хто менавіта гэтыя людзі?

Рыгор Астапеня: Я думаю, тут ёсць некалькі розных людзей. Людзі, якія з медыя, людзі, якія з’яляюцца культуролагамі. Людзі, якія з медыя, гэта, напрыклад, Аляксандр Івулін, мой блізкі сябра і чалавек, з якім мы разам робім праект «Гэта ТОП». Ёсць таксама такія людзі, як Наста Роўда. Таксама сярод людзей, якія займаюцца культуралогіяй, гэта, напрыклад, Максім Жбанкоў. Мы імкнуліся сабраць даволі разнастайных людзей, якія па-рознаму глядзяць на беларускасць і глядзяць на яе з розных сфераў. Людзі, якія займаюцца праектным менеджментам, людзі, якія займаюцца медыямі, ці людзі, якія займаюцца з пункту гледжання інтэлектуальнага як развіваецца беларускасць. Ці людзі, якія могуць падзяліцца сваімі нейкімі навыкамі. Напрыклад, у нас будзе Мікіта Моніч, які раскажа, як будаваць публічную камунікацыю.

РР: У вас заняткі будуць ладзіцца ў фармаце і анлайн, і офлайн?

Рыгор Астапеня: Так, у нас заўжды праграмы такія, што мы арганізуем заняткі такім чынам, што першая частка праходзіць анлайн, таму што мы імкнемся там даць асноўныя веды, то бок, менавіта там чалавек мае большую магчымасць пачытаць, больш падрыхтавацца і г.д. Таму мы першы месяц праводзім у анлайне, а пасля ўжо збіраем людзей у офлайне, і гэты офлайн будзе ў Варшаве.

Цалкам матэрыял:

Каб далучыцца да летняй школы, патрабуецца рэгістрацыя: https://bit.ly/44gkHPE.

Беларускае Радыё Рацыя