SAMASIEJ – першы фестываль беларускага сучаснага відэамастацтва пачнецца ў бліжэйшую пятніцу ў Беластоку. Яго пляцоўкай стане адметны будынак на вуліцы Звежынецкай 16.

Пра выбар месца распавяла намесніца дырэктара Цэнтру беларускае культуры Ілона Карпюк:
– Прастора Цэнтра сучаснай адукацыі і адначасова бібліятэкі Беластоцкай палітэхнікі – такое месца, якое характэрнае на мапе горада, але няма матывацыі і нагоды, каб гэты будынак наведаць. І вось стварылі нагоду, каб, па-першае, пайсці ў гэты будынак і паглядзець гэтую архітэктуру. А з другога боку, каб адным голасам загавары беларускія і не толькі мастакі.
Фестываль атрымаў назву ад аповесці “Samosiej” беларускага пісьменніка з Падляшша Сакрата Яновіча. А першая выстава пройдзе пад загалоўкам «Я ёсць Працяты бусел».
– Кожны з мастакоў, ці кожны з беларусаў, украінцаў ці іншыя, хто быў вымушаны пакінуць свой дом, ён, у нейкім сэнсе, як паранены бусел. Кожны паранены спрабуе знайсці свой дом і зразумець гэтую сваю сітуацыю, міма гэтых складанасцяў, міма гэтых ранаў.
Фестываль беларускага сучаснага відэамастацтва SAMASIEJ будзе доўжыцца ў Беластоку з 3 па 7 кастрычніка. Падзея пройдзе пад патранатам рэктара Палітэхнікі і пры партнёрстве фонду Mochnarte і галерэі Arsenał. У праграме – экскурсіі па-беларуску, па-польску і па-ангельску, паказы, размовы з аўтарамі і майстар-клясы. У музычнай частцы заяўленыя Mufer зь Менску і Olga Anna Markowska паходжаннем з Белавежы.
Беларускае Радыё Рацыя






