Я чарговы раз абсалютна выпадкова патрапіў у Чэхію ў перыяд Масопуста – Мяснога посту па-чэску. Прыехаў у дзень Тлустага чацвярга ў Польшчы, чытаючы ў цягніку пра Анучавы панядзелак дзесьці ў Альпах. Усё названае – карнавальнага кшталту святы.

Не спыняю захапляцца тым маркетолагам, які адкапаў дзесьці гісторыю пра святога Валянціна, і дапамог зарабіць шматлікім прадпрымальнікам: ад карпарацый да рамеснікаў.
Людзі ў заходнім свеце, і не толькі ў ім, даўно збольшага адвязаныя ад календара земляроба. Ад пачатку хрысціянскі вялікі пост акурат супадаў з перыядам, калі ежы заставалася вельмі мала.
У Беларусь калісьці з Расеі прыйшла Масленіца – свята з той жа серыі, што Мясны пост ці Тлусты чацвер.
А вось калі ісці глыбей – выключна за сонцам, то з дахрысціянскіх часоў у беларусаў, хай сабе на ўзроўні спецыялістаў, засталося вядомым свята Гуканне вясны. Яно не мае фіксаванага дня, таму можа быць і ў канцы лютага, і на пачатку сакавіка.
У пераносным сэнсе гуканне вясны вельмі блізкае да стану рэчаў у Беларусі. Цывілізацыйная зіма падаецца вечнай.
Мала хто ведае, што яшчэ адно свята, любімае ў свеце разам з Днём святога Валянціна, – Дзень святога Патрыка, у сучасным карнавальным выглядзе распаўсюдзілася дзякуючы маркетолагам.
Толькі заказчыкам быў не буйны бізнес, а ўрад Ірландыі, які з лакальнай ірландскай традыцыі зрабіў шоў для ўсяго свету. Хрысціянскі святы Патрык адышоў на другі план, а рэй павялі піва ды танцы.
«Ва ўсіх абласцях Беларусі пройдуць аблавы на закаханых», – жартуе сатырычны тэлеграм-канал «Советская Белоруссия».
Справа ў тым, што ідучы следам за расейскай ідэалогіяй, на захопленых лукашыстамі тэрыторыях ідзе змаганне з «тлетворным Западом».
Што ж, давайце звернемся да чагосьці аўтэнтычнага беларускага. Напрыклад, да згаданага вышэй Гукання вясны.
У першай палове 1980-х гадоў студэнты сабраліся пад Вязынкай – на радзіме Янкі Купалы, – каб адзначыць Гуканне вясны згодна з больш як тысячагадовай традыцыі. Усё скончылася допытамі ў міліцыі. Бо свята было «не санкцыяваным».
Сёлета тысячы і тысячы беларусаў зноў адзначаць Дзень Волі – 25 сакавіка. Яшчэ шмат хто адзначыць, хто як святочны, хто як помны, дзень 9 жніўня – пачатак задушанай пакуль Беларускай рэвалюцыі.
Але ў беларусаў няма супольнага свята для адпачынку. Пакуль хоць бы за мяжой мы – беларусы – можам ужо пачынаць канструяваць свой карнавал.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя