Пісьменнік Павел Місько – сапраўдны мастак слова, таленавіты майстар, творчасць якога прадстаўлена рознымі літаратурнымі жанрамі: казкамі, апавяданнямі, аповесцямі, нарысамі, вершамі і г.д. У іх гучыць заклік да справядлівасці, чалавечнасці і ўзаемадапамогі. 14 сакавіка Паўлу Місько спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Павел Місько ў вёсцы Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы працягваў адукацыю на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прымаў актыўны ўдзел у выданні рукапіснага альманаха “Творчасць журналіста”, друкаваўся ва ўніверсітэцкай шматтыражцы. Ужо з таго часу яго нарысы пачалі рэгулярна выходзіць у рэспубліканскім друку. Затым працаваў у рэдакцыях газет “Звязда”, “Сельская газета”, “Літаратура і мастацтва”, быў загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”, а з 1972 года – загадчыкам рэдакцыі прозы. У 1976–1980 гадах з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Друкавацца Павел Місько пачаў з 1954 года. Першае апавяданне было апублікавана ў 1958 годзе ў альманаху “Брэст”. Потым пачалі выходзіць кнігі нарысаў “Адмаўленне ад крыжа” (1964), “Гаспадыні свайго лёсу” (1968), “Дрэва жыцця” (1973), а таксама зборнікі апавяданняў і аповесцей “Калодзеж” (1967), “Калянае лісце” (1974), зборнікі гумару і кнігі прозы для дзяцей. Творы Паўла Місько і сёння захапляюць сваім багатым жыццёвым зместам і культурай пісьма. У зборніку “Калодзеж”, напрыклад, аўтар вырашыў шматлікія эстэтычна-выхаваўчыя і педагагічныя задачы. Яскрава выявілася прыхільнасць пісьменніка да чалавека працы, уменне бачыць яго стан душы, унутраную прыгажосць.
Значнай у творчасці мастака стала тэма вайны. Падзеі трагічнай гісторыі адлюстраваны ў зборніку “Калянае лісце”, раманах “Мора Герадота” (1976) і “Хлопцы, чые вы будзеце…”. Героі твораў штодзённа робяць свой маральна-псіхалагічны выбар. Вытокі гераізму салдат аўтар бачыць менавіта ў іх глыбокай духоўнасці.
Найбольш вядомымі ў дзіцячай прозе з’яўляюцца такія яго творы, як гумарыстычная аповесць “Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі” (1972), фантастычная і разам з тым вельмі рэалістычная аповесць “Прыгоды Бульбобаў” (1977), прыгодніцкая аповесць “Грот афаліны” (1985), фантастычная аповесць “Эрпіды на планеце Зямля” (1987), арыгінальная казка “Прыйдзі, дзень-залацень!” (1993). Аўтар ставіў перад сабой задачу фарміравання духоўнай гарманічнай асобы; у яго творах адчуваецца хваляванне за будучае дзяцей, пісьменнік імкнуўся навучыць іх берагчы прыроду, непаўторнасць роднай мовы, сцвярджаў веру ў непераможную сілу сяброўства.

Павел Місько напісаў п’есы на сучасныя тэмы “На зачараваным востраве, або Баба Яга Залатая нага”, “Канфлікт мясцовага значэння”, “Змяя-спакушальніца”. Склаў аўтабіяграфічнае эсэ “На покліч душы”. Шмат перакладаў з рускай, украінскай, польскай і іншых моў.
Беларускае Радыё Рацыя






