9 лютага спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння паэта, перакладчыка, публіцыста і грамадска-культурнага дзеяча Валянціна Тараса.

Валянцін Тарас нарадзіўся 9 лютага 1930 года ў сям’і мастака Яфіма Тараса ў Менску. Дзед пісьменніка, Мікалай Тарас, быў сталяром і жыў у Мядзвежыне (цяпер гэта вуліца Мядзвежынская ў Менску). Яго жонка, бабуля Крэйна, паходзіла з габрэйскага мястэчка ў Літве. Дзед па кудзелі, расеец Іван Панцялеймаў, нарадзіўся ў Томску, быў правізарам і стаў каталіком, каб ажаніцца з полькай, бабуляй Гэляй.
У даваенныя гады Валянцін рос у беларуска-руска-польскай трохмоўнай сям’і. Падчас нямецкай акупацыі Крэйну і Мікалая Тарасаў адправілі ў Менскае гета. А бацька пісьменніка апынуўся ў Цэнтральным штабе партызанскага руху.
У акупаваным Менску Валянцін застаўся з бабуляй Гэляй, яе дачкой Люсяй і малодшай сястрой Таісіяй. Але, у 13-гадовым узросце пайшоў у партызаны, быў байцом атрада «За Савецкую Радзіму» брыгады імя Чкалава (Баранавіцкае партызанскае злучэнне).
З канца 1944 года Валянцін Тарас працаваў шліфавальшчыкам у Беларускай рэспубліканскай літаграфіі ў Гародні і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі. У пачатку 1948 года вярнуўся ў Менск, працаваў рознарабочым на Менскай бісквітнай фабрыцы, вучыўся ў вячэрняй школе.

Першыя творы Валянціна Тараса — вершы, — дзякуючы паэту Анатолю Астрэйку, былі змешчаны ў альманаху «Советская отчизна» у 1948 годзе. У 1955 годзе Валянцін Тарас скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда» (1955—1962), з 1964 па 1968 гады — рэдактар аддзела прозы часопіса «Нёман».
У 1961 годзе Валянціна Тараса прынялі ў Саюз пісьменнікаў. У той жа час пачынаюць выходзіць яго ўласныя кніжкі – зборнікі вершаў «Минска улицы родные», «Доверие», «Тревожная земля». У маі 1968 года Валянцін Тарас быў звольнены з працы «за антысавецкія размовы». Быў адным з фігурантаў гэтак званай «справы Вакулоўскай» (на чыёй кватэры збіраліся людзі, якія крытыкавалі савецкі рэжым). На працягу 7 гадоў не друкаваўся ў БССР, з тэлебачання была звольнена яго жонка.

Валянцін Тарас быў у Назіральнай радзе Беларускага фонду Сораса, членам Назіральнай рады Беларускага Хельсінкскага Камітэта, членам Беларускага ПЭНа (з 1997), а таксама адным са стваральнікаў “Хартыі-97”. Адзін з найлепшых перакладчыкаў Васіля Быкава, Ларысы Геніюш, Міхася Стральцова. Памёр 13 лютага 2009 года ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя
⠀ ⠀ ⠀