BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сэрцам імкнуўся на Бацькаўшчыну

Епіскапу Віцебскаму і Полацкаму Афанасію (Антону Мартасу, 1904-1983) 8-га верасня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Антон Мартас нарадзіўся ў вёсцы Завітая, што каля Гарадзеі Нясвіжскага раёна ў праваслаўнай сялянскай сям‘і Вінцэнта і Евы. Прыняў Святое Хрышчэнне ў Свята-Пакроўскай царкве вёскі Вялікая Ліпа. Вучыўся спачатку ў народным вучылішчы, затым у Нясвіжскай семінарыі, якую скончыў у 1925 годзе. У прадмове да першага выдання кнігі «Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни» (Буэнас-Айрэс, 1966) ён пісаў: «Наваградчына — мая радзіма. Завітая была маёю нянькаю, а Нясьвіж — настаўнікам. Тут прайшлі мае маладыя гады. Старэнькі дзед Макаш казаў мне казкі пра былое, а Завітанскі лес разбудзіў у маім сэрцы любоў да красы прыроды ды навучыў Богу маліцца ў адзіноце…».

Пасля службы ў польскім войску ў 1926 годзе Антон паступіў на факультэт праваслаўнай тэалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, які ў 1930 годзе скончыў са ступенню магістра тэалогіі.

Будучы студэнтам Антон Мартас неаднаразова наведваўся ў Пачаеўскую лаўру. У 1927 годзе намеснікам архімандрытам Дамаскіным там быў пастрыжаны ў манаскі сан з імем Афанасій у гонар прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага. 29 студзеня 1928 года ў Варшаўскім кафедральным саборы ў імя роўнаапостальнай Марыі Магдаліны пасвячоны ў іерадыякана, а 31 сакавіка 1929 года епіскапам Крамянецкім Сіманам (Іваноўскім) — у іераманаха.

У 1931 годзе іераманах Афанасій быў прызначаны намеснікам Яблачынскага манастыра каля Бельска-Падляшскага і апекуном прытулку для састарэлага духавенства. Пазней служыў у Турковічах на Холмшчыне, дзе заснаваў падвор‘е Турковіцкага манастыра, і ў гарадах Кельцы і Радам (Польшча). У лістападзе 1934 годзе яго прызначаюць на пасаду выхавацеля дзяржаўнага інтэрната для студэнтаў тэалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, якую займаў да 1939 года. Студэнты вельмі паважалі і любілі маладога выхавацеля, які, у сваю чаргу, надзвычай цёпла ставіўся да сваіх падапечных.

У 1938 годзе Афанасій узведзены ў сан ігумена, а затым — у сан архімандрыта. Адначасова працягваў адукацыю, скончыў у 1939 годзе курс педагогікі на гуманітарным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта са ступенню доктара багаслоўя за працу «Вялікі Катэхізіс мітрапаліта Пятра (Магілы)». У анкетах заўсёды падкрэсліваў сваю беларускую нацыянальнасць. Валодаў польскай, рускай, нямецкай, лацінскай, беларускай мовамі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны архімандрыт Афанасій прыехаў у Менск. Удзельнічаў у саборах Беларускіх епіскапаў 1942 і 1944 гадах і Усебеларускім царкоўным саборы 30 жніўня-2 верасня 1942 года ў Менску. 8 сакавіка 1942 года адбылася хіратонія Афанасія ў епіскапа Віцебскага і Полацкага з даручэннем часова кіраваць Наваградскай епархіяй. У Наваградку ўладыка арганізаваў двухгадовыя пастырскія курсы. Абараняў мясцовае насельніцтва ад пагрозы вывазу ў Германію. У 1941–1944 гадах, як сведчыў сам, збіраў матэрыял для кнігі па гісторыі Царквы.

У 1944 годзе разам з іншымі епіскапамі Афанасій выехаў за межы Беларусі. Некаторы час жыў ў Германіі. У 1946 годзе ўладыка Афанасій перайшоў у юрысдыкцыю Рускай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы. Быў прызначаны правячым архіерэем Паўночна-Германскай епархіі з цэнтрам у Гамбургу, духоўна апекаваў эмігрантаў, а таксама лагеры бежанцаў у пасляваеннай Германіі.


На фота: Антон Мартас у верхнім радзе трэці злева сярод епіскапаў і архіепіскапаў, 1946 г.

Сабраныя раней звесткі дазволілі «выдаць на рататары ў 1947 годзе «Гісторыю Беларускай Праваслаўнай Царквы» (Гамбург; на беларускай мове). Прызначана яна была для беларускіх эмігрантаў і хутка разышлася. Другую рэдакцыю, больш пашыраную, падрыхтаваў у 1953 годзе, але з-за недахопу сродкаў не змог выдаць. І толькі ў 1966 годзе кніга пабачыла свет у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна).

Напачатку 1950-х гадоў уладыка Афанасій быў прызначаны епіскапам Мельбурнскім, вікарыем Аўстралійскай епархіі. У 1956 годзе, паводле ўласнага прашэння, пераведзены на Аргенціна-Парагвайскую кафедру, якая кіравала прыходамі на тэрыторыі Аргенціны, Парагвая і Уругвая. Намаганнямі епіскапа ў 1957–1958 гадах быў узведзены кафедральны Уваскрасенскі сабор (да таго часу набажэнствы адбываліся ў прыстасаваным памяшканні). У 1967 годзе Афанасій узведзены ў сан архіепіскапа з тытулам «архіепіскап Буэнас-Айрэскі і Аргенцінскі» РПЗЦ. Памёр уладыка ў Буэнас-Айрэсе ад сардэчнага прыступу, пахаваны на манастырскіх брацкіх могілках каля Свята-Троіцкага сабора ў Джорданвілі (ЗША).

Сэрцам уладыка Афанасій заўсёды імкнуўся на Бацькаўшчыну. У прадмове да сваёй кнігі ён пісаў: «З заморскага краю чулае сэрца рвецца на родныя гоні, а думка імкнецца ў мінулае, шукаючы там супакою. Туга па роднай краіне мацнее на далёкай чужыне…».

На фота: Арх. Філафей, Радаслаў Астроўскі, арх. Афанасій, ЗША, 1967 г.

Да 100-годдзя з дня нараджэння ўладыкі 3 лістапада 2004 года ў Свята-Пакроўскай царкве вёскі Вялікая Ліпа на Нясвіжчыне была адслужана памінальная ліція і ўстаноўлена памятная дошка з надпісам: «У гэтай царкве 23 верасня 1904 года быў ахрышчаны архіепіскап Афанасій (у міры Антон Вікенцьевіч Мартас) 21.09.1904–3.11.1983».

Праца архіепіскапа Афанасія «Беларусь в исторической государственной и церковной жизни» з‘яўляецца найбольш грунтоўным даследаваннем па царкоўнай гісторыі Беларусі, яна двойчы перавыдавалася ў Менску, шырока запатрабавана ў духоўных і свецкіх установах адукацыі, высока ацэнена навуковай грамадскасцю і ўсімі прыхільнікамі роднай гісторыі. У 2004 годзе пабачыла свет яшчэ адна яго праца «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы».

Беларускае Радыё Рацыя