У Беластоку завяршаецца 43-ы Міжнародны Фестываль Царкоўнай Музыкі «Гайнаўка 2024», які сабраў усіх аматараў царкоўнай музыкі з Падляшша. Галоўнай тэмай сёлетняга Фестывалю сталася «Мірная Ектэнія». Найбольш моцнае і ўзрушальнае выканання твору прадэманстраваў хор Дубенскага духавенства дэканата Украінскай Праваслаўнай Царквы.

У склад хора ўваходзяць ваенныя капеланы, а ў «кужаль» класічных літургічных твораў выканаўцы «уплятаюць»-зачытваюць ваенныя малітвы Украіны, якія яшчэ ўчора гучалі на фронце.
Пра дзейнасць хора расказаў дырыжор Сергій Гаўрыленка:
РР: Які ўжо раз вы прымаеце ўдзел?
– Гэта другі раз. Дзевяць гадоў таму мы былі пераможцамі на фестывалі, а гэтым разам мы ўжо як госці запрошаныя прымаем удзел.
РР: Крыху пра ваш хор. Вы спяваеце нейкую адмысловую ўкраінскую музыку?
– Так, спяваем украінскую духоўную музыку, такіх вядомых украінскіх харавых кампазітараў, як Арцемій Ведэль, Дзмітро Бартнянскі, Архангельскі. Ёсць таксама духоўныя творы ў апрацаваннях сучасных кампазітараў, праваслаўных айцоў, канты, ну і рознага роду іншая духоўная музыка.
РР: Ва Украіне выступаеце на свецкіх імпрэзах ці ў храмах таксама?
– Так, выступаем на розных імпрэзах, якія арганізуюцца, напрыклад, у месце, вобласці, у храмах, у розныя перыяды, і калядуем па храмах, падтрымліваючы розныя рэлігійныя суполкі. Таксама і ў Польшчы, у гарадах-пабрацімах, ёсць горад-пабрацім Гіжыцка. Часта прымаем удзел у канцэртах духоўнай музыкі, у калядках.
РР: Як вам сам Беласток? Ці адчуваецца тут праваслаўе, у храмах, у людзях, у вобразах?
– Мы праездам глядзелі, тут вельмі харошыя, сапраўды, храмы велічныя, харошыя праваслаўныя храмы, але, на жаль, не было часу наведаць і так пагаварыць ці з айцамі, ці з праваслаўнымі прыхаджанамі.
РР: Не магу не запытаць пра дылему праваслаўя: ідзе вайна ва Украіне, якую пачала Расея. Як гэта паўплывала на праваслаўнае існаванне? Можа гэта на хор паўплывала, на выбар рэпертуару ці нешта іншае?
– Не, на нас не ўплывала, бо мы якраз праваслаўная царква Украіны, якая падтрымлівае Украіну, якая моліцца на ўкраінскай мове, у адрозненне ад Маскоўскай царквы, якая ў нас ва Украіне, на жаль, яшчэ ёсць. Але ўжо з пачаткам вайны я бачу, што людзі разумеюць, што гэта, я так называю, варожая царква для Украіны. Яна расейская царква, на расейскай мове моліцца, мовай ворага, які на нас напаў, забівае нашых дзяцей. На нас не ўплывала, бо мы ўкраінская царква, а зносін з расейскай мы не маем. І яны не маюць жадання нават.
РР: Я пытала ў вашага калегі, які кіраваў хорам, выконваў разам «Трохгалоссе міру«. Ці гатовыя яны хоць неяк выступаць разам з расейскім хорам? Ці мажліва такое, на ваш погляд?
– Мы не ўлічваем, што славянская мова – гэта і расейская мова, па-першае, але калі б сапраўды былі б прысутныя хоры з Расеі, я ведаю, што ўдзельнікі хору ўсе адмовіліся б сапраўды быць на адной сцэне з акупантам і ворагам.
З „Госцем Рацыі“ – дырыжорам хора Дубенскага духавенства дэканата Украінскай Праваслаўнай Царквы Сергіем Гаўрыленкам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






