
У лістападзе, шэсць гадоў таму ў Беластоку памёр пісьменнік, журналіст Беларускага Радыё Рацыя Уладзіслаў Ахроменка. Ён працаваў таксама ва ўкраінскіх архівах КДБ і даследаваў сталінскія рэпрэсіі. Уладзіслаў Ахроменка з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг. У тым ліку напісаных у суаўтарстве з Максімам Клімковічам. Гэта кнігі “Здані і пачвары Беларусі”, “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве”, “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша”. Таксама Уладзіслаў Ахроменка аўтар твораў “Тэорыя змовы” і “Музы і свінні”.
Удава пісьменніка, журналіста і даследчыка Вольга Ахроменка згадвае пра свайго мужа ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Спачатку асабістае: хто для вас быў Уладзіслаў? Гэта быў добры муж, пісьменнік? Як вы яго згадваеце?
— Уладзіслаў для мяне — гэта такі вобраз, як кажуць, тры ў адным. Можа, так і не варта казаць, але мае блізкія мяне зразумеюць. Гэта і муж, і настаўнік, і гід па жыцці, і творца, пісьменнік, таленавітая асоба — увогуле, прыклад для мяне.
РР: Калі вы яго згадваеце, якія моманты, што згадваеце, якую гісторыю з жыцця?
— Можна шмат чаго ўспомніць. На пачатку нашага сумеснага жыцця я ўспрымала яго перш за ўсё як мужчыну. Бо ў той момант, магчыма, я яшчэ не так глыбока была знаёмая з яго творчасцю і з усімі бакамі яго такой паважнай маштабнай асобы. Потым, ужо ў працэсе жыцця, я бачыла і насалоджвалася тым, што я магу сачыць за тым, як ён піша, што ён робіць, як ён працуе. А працаваць для яго было як дыхаць.
РР: Калі згадваць пра творчасць, нейкія ягоныя ўлюбёныя творы ёсць? Ці ўсё любіце? Ці ёсць твор, які вы перачытваеце дагэтуль?
— „Тэорыя змовы“ , „Музы і свінні“ для мяне — найвыдатнейшыя творы. На жаль, Уладзіслаў не змог завяршыць свой шэдэўральны твор, які меўся называцца „Выкрадальнік гукаў“. На жаль, ён застаўся незавершаным.
РР: Вернемся яшчэ да незавершанага твора пазней. Але спачатку чаму „Музы і свінні“ і „Тэорыя змовы“? Чаму менавіта гэтыя творы?
— Гэта пісалася пры мне, у маёй прысутнасці. Я проста бачыла і ведала, як усё гэта нараджалася, і нават часткова давала яму нейкія парады. Ён нешта напіша, абзац-два. І я, як першы чытач, яшчэ не на паперы, а ў электронным выглядзе, нават з курсорам, нават выправіць памылачку. І для мяне гэта таксама як дзіцё яго, і трохі-трохі маё, бо я назірала за гэтым і крыху брала ўдзел у гэтым.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя