Вольныя Купалаўцы пакажуць у Варшаве спектакль “Зэкамерон” паводле кнігі адваката і палітвязня Максіма Знака. Імпрэзы адбудуцца 21, 22 і 23 чэрвеня на пляцоўцы Scena Przodownik.
Госць Рацыі – акцёр Сяргей Чуб – распавёў нашаму радыё пра падрыхтоўку да падзеі.

РР: Як ідзе падрыхтоўка да паказу спектакля? З улікам таго, што аднойчы ўжо быў паказаны гэты спектакль.
Сяргей Чуб: Заўсёды першыя паказы адбываюцца, але праз нейкі час, калі спектакль не іграецца, то гэта ўсё трохі заціраецца ў памяці. Мы ўжо стэлефаноўваліся і з Алегам Гарбузам і з Валодзем Пугачам. Ужо ёсць нейкія дрыжыкі, хваляванні. Таму дамовіліся, што перад наступнымі паказамі ў нас будзе мінімум 3-4 сустрэчы. Асобная тэкставая рэпетыцыя. Асобная танцавальна-вакальная сустрэча. І асобная сустрэча з рэжысёрам Войцэхам Урбаньскім, каб папросту аднавіць нейкія задачы перад артыстамі. І да таго ж у нас будзе яшчэ рэпетыцыя непасрэдна ў дзень спектакля, каб дакладна зрабіць святло, каб дакладна прапрацаваць гук. Імкнемся каб усё было на ўзроўні. І праца ідзе.
РР: Як-небудзь родныя, сябры, сваякі Максіма Знака, непасрэднага аўтара гэтага твору, сочаць за тым, што вы робіце? Ці ўносілі свае нейкія папраўкі, прапановы?
Сяргей Чуб: Я не магу дакладна сказаць, як яны сочаць, ці ёсць у іх якая магчымасць, што яны чулі і як, але пэўны водгук быў з таго боку, і водгук быў пазітыўны. Бо, калі пачыналі працу, мы не проста ўзялі п’есу і пачалі нешта рабіць. Мы рыхтаваліся, мы імкнуліся зразумець, навошта ён гэта пісаў, што Максім туды ўклаў. І калі мы зразумелі, калі даведаліся ўсю інфармацыю, то зразумелі, што ён дакладна сказаў: гэта святло, гэта гумар, гэта прага да жыцця, гэта толькі так наперад. Таму мы стараліся лёгка і з гумарам зрабіць. Так, у спектаклі ёсць цяжкія моманты. Але мы стараліся іх зрабіць праз прызму пазітыву і надзеі, што ўсё будзе добра. Водгук адтуль быў, але ад каго і як – гэта ўжо таямніца.
Цалкам размова:
Размаўляла Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя