BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Чуб

Кнігу “Зэкамерон. Вершы. Гутаркі” беларускага палітзняволенага адваката Максіма Знака плануюць прэзентаваць у фармаце аўдыёкнігі. Цяпер на краўдфандынгавай платформе “Gronka” ладзіцца збор на выданне.

У агучцы – як і ў спектаклі, прадстаўленым сёлета, – будуць задзейнічаныя акцёры Незалежнай тэатральнай групы “Купалаўцы” Сяргей Чуб і Алег Гарбуз, а таксама лідар гурта J:Морс Уладзімір Пугач. Пра пастаноўку, кнігу і тэатральнае жыццё Сяргей Чуб распавёў нашаму радыё.

РР: Вы запусцілі збор на “Зэкамерон”. Чаму захацедася гэта зрабіць?

Сяргей Чуб: Па-першае, гэта было на паверхні. Мы нават, калі ўжо рабіўся спектакль, ішоў працэс, мы разумелі, што трэба будзе рухацца далей. Думка пра аўдыё-версію, яна ўжо была на паверхні, але сам спектакль забраў столькі сілаў, што на нейкі час мы вырашылі выдыхнуць. І тут Крысціна Дробыш кажа: “А давайце рабіць!”. Усё, што нам заставалася зрабіць, гэта сказаць: “А давайце”. Крысціна была тым рухавіком, які штурхануў і пачаўся гэты працэс.

РР: Як праходзіла прэм’ера пастаноўкі?

Сяргей Чуб: Пастаянна цалкам прададзеныя квіткі і поўныя залі сведчаць пра тое, што ёсць цікавасць у гледача да таго, што мы робім. Да таго, што робіць Уладзь Пугач, да таго, што робяць “Купалаўцы” і ўвогуле да таго, што напісаў Максім Знак. Мы пастараліся спалучыць гумар і святло, якія закладваў Максім у тое, што пісаў і нагадаць усім пра тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, што сядзяць нашы беларусы, нашыя людзі і гэта тэма таксама павінна быць у нашым фокусе.

РР: Наколькі гэта трапляе да публікі? Наколькі яны адчуваюць?

Сяргей Чуб: Цяжка сказаць, як яно там трапляе, бо мы з гледачом па іншыя бакі барыкад. Тым не менш польскі рэжысёр Войтэк Урбаньскі паставіў мэтай эмацыйныя “амерыканскія горкі”. Гэта павінна быць смешна, светла. У той жа час мы кідаемся наадварот у бок, калі ў гледача выступаюць слёзы. Я чуў такія водгукі, што людзі глядзелі, смяяліся і плакалі адначасова. Па сутнасці так мы і планавалі, так яно павінна быць. На жаль ёсць балючыя моманты і мы іх абысці не можам. Але поўныя залі, авацыі напрыканцы спектакля. Гэта прыемна і паказвае, што мы зрабілі штосьці правільнае.

РР: Што паказвае супрацоўніцтва з лідарам гурта J:морс Уладзімірам Пугачам?

Сяргей Чуб: Па-першае, чуў водгукі пра тое, што аказваецца Пугач выдатны артыст. Гісторыя была вельмі простая. Мы шукалі чалавека, які зможа напісаць музыку на вершы палітвязняў. Уладзя зрабіў крок насустрач і прапанаваў свой удзел у чытках і пры падборы матэрыялаў. Там 100 навэл, а мы адабралі здаецца толькі 25. Затым рэжысёр прапанаваў яму і пачытаць, якую адну, дзве ці тры навэлы. У нейкі час стала зразумела, што Пугач нікуды не дзенецца, што нас будзе трое мужчын на сцэне і ўсё вельмі класна складвалася. Уладзь апынуўся ў нязвыклай для сябе сферы, тым не менш хутка засвойваў усё, што трэба. З ім вельмі проста працаваць, ён выдатны артыст і спявак, кампазітар. Таму супраца з Пугачам вельмі клёвая гісторыя.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Падтрымаць збор на аўдыёкнігу на Gronka: https://gronka.org/#/causes/reckQ579ONRElSzYW

Квіткі на пастаноўку “Зэкамерон”: https://fienta.com/pl/zekameron-21-11

Квіткі на пастаноўку “Экстрэмісты”: https://fienta.com/pl/s/ekstremisty

Беларускае Радыё Рацыя