BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Доўгушаў: Беларусы становяцца мецэнатамі сваёй культуры

8 творчых рэзідэнцый і каля 500 удзельнікаў – гэта вынік трохгадовай дзейнасці Дома творцаў. Паразмаўлялі з ягоным дырэктарам Сяргеем Доўгушавым пра запатрабаванасць рэзідэнцый сярод творцаў. А таксама пра тое, ці многа творцаў праз недахоп фінансавання сыходзяць з творчасці? І ці варта глядзець на будучыню беларускай культуры з аптымізмам? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае Сяргей Доўгушаў у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Нагадайце, з якой мэтай ствараўся дом  творцаў?

Сяргей Доўгушаў: Дом творцаў як асноўная такая ініцыятыва паўстала ў 2021 годзе. І зараз мы будзем ужо 15 снежня святкаваць наша трохгоддзе. І асноўная мэта была заўсёды падтрымка творцаў, дапамога ім у рэалізацыі і таксама такая вось творчая рэабілітацыя, таму што ў нас ёсць дом, дзе можна пажыць, займацца творчасцю і ні аб чым не думаць – толькі аб творчых праектах.

РР: У вас акурат цяпер пачынаецца творчая рэзідэнцыя, скажыце, на колькі яны ўвогуле запатрабаваныя?

Сяргей Доўгушаў: Зараз у нас скончыўся набор заявак, у нас быў конкурс заявак для ўдзельнікаў, хто паўдзельнічае і атрымае 9 стыпендый. У нас называецца так “Дзевяць стыпендый для беларускіх творцаў”. І хто пройдзе ў гэтым конкурсе, мы ім будзем дапамагаць і запрашаць іх  рабіць і рэалізоўваць свае праекты, а таксама будзе індывідуальныя стыпендыі для творцаў розных накірункаў, гэта і мастакі, і музыкі, маглі падавацца хто заўгодна. І як вынікам будзе – рэалізацыя іх праектаў.

Што датычыцца рэзідэнцый – у нас хутка будзе новы набор і будзе мастацкая рэзідэнцыя. Калі казаць пра запатрабаванасць, можна сказаць апошняя, восьмая была наша мастацкая рэзідэнцыя, яна адбылася напрыканцы вясны. І колькасць заявак было 80 на 15 месцаў. То бок мы, на жаль, маглі адабраць толькі 15 удзельнікаў, а заявак было 80. Вось такі конкурс. Запатрабаванасць ёсць, і, мне здаецца, што будзе яшчэ большая. І яшчэ гэта звязана і з тым, што хапае розных стыпендый, праектаў, але з кожным месяцам усё менш падтрымкі менавіта беларускай культуры.

РР: Вы сказалі, што ўсё менш падтрымкі беларускай культуры, а з чым гэта звязана?

Сяргей Доўгушаў: Агулам з палітычнай сітуацыяй. Маё меркаванне зразумелае – пасля вайны ва Украіне, калі Беларусь стала краінай-агрэсарам, то ўвага да Беларусі на міжнародным узроўні зусім не такая, як хацелася б нам. Я памятаю 2021 год, калі я толькі пераехаў у Польшчу, калі мяне запрашалі на імпрэзы, было шмат мерапрыемстваў, і Беларусь была ў прыярытэце.

Гэта адзін момант. Другі момант –  культуру заўсёды не так актыўна падтрымлівалі, але я лічу, што нам трэба і самім. Я ўдзячны ўсім, хто падтрымлівае мае праекты, мае зборы, тое, што выходзілі спеўнікі, тое, што мы збіралі на Дом творцаў.  Тым людзям вялікі дзякуй, хто падтрымліваў. І ў гэтым ёсць будучыня, мне падаецца. Беларусы самі дапамагаюць і становяцца мецэнатамі сваёй культуры, сваёй гісторыі. І гэта застанецца акурат на гады, на стагоддзі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя