Чым цяпер жыве беларускае выдавецтва Vesna ў Чэхіі? Што новага выйшла ў літоўскай кніжнай серыі? Якія кнігі, электронныя ці папяровыя, карыстаюцца ў беларускіх чытачоў большай папулярнасцю? Над такімі пытаннямі разважаў рэдактар, перакладчык Сяргей Шупа. З перакладчыкам паразмаўляла Аліса Поль.
Фота: Анто Мазган
Сяргей Шупа: Калі я ўспамінаю нашую апошнюю размову, то тады мы прадстаўлялі пачатак нашай літоўскай серыі, калі не памыляюся, раман Антанаса Шкемы «Белы саван». Мы за гэты час працягнулі выданне гэтай серыі і выдалі яшчэ адзін топавы раман сучаснай літоўскай літаратуры, ці дакладней літоўскай літаратуры ХХ стагоддзя. Гэта ўжо такая сучасная класіка, раман пісьменніка Юргіса Кунчынаса «Туўла».
Гэты раман мабыць з усіх літоўскіх кніг белетрыстыкі, якія выйшлі пасля абвяшчення незалежнасці Літвы, найбольш перавыдаваўся за мінулыя 30 гадоў пасля яго апублікавання ў 1993 годзе. Раман перавыдаваўся ажно 10 разоў. Што не ўдалося ніводнай іншай кнізе ніякага іншага літоўскага празаіка, калі не браць нейкіх абсалютных класікаў. І мы падумалі, калі ўжо знаёміць беларускага чытача з літоўскай літаратурай, то гэтую кнігу ніяк нельга абысці.
Ясна, што я б параіў слухачам кнігу купіць, яна прадаецца на Алегра, таксама ў інтэрнэт-кнігарні Knihauka.com. Андрэй Янушкевіч прадае яе таксама ў сваёй кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве. Але каб яшчэ трошкі прарэкламаваць кнігу, то скажу, што яна напісаная ад імя героя-інтэлектуала, германіста, перакладчыка, яшчэ маладога чалавека, які ходзіць па позняй савецкай Вільні, гэта недзе сярэдзіна 80-х, ён такі трошкі алкаголік, трошкі бомж, трошкі летуценнік. І кніга пра ўсё гэта. Пра Вільню, якой яна тады выглядала. Але перадусім гэтая кніга пра светлае і няшчаснае каханне. Кніга вельмі рамантычная. Разам з тым дае адмысловы ўваход у культурны, сацыяльны, трошкі палітычны кантэкст канца 20 стагоддзя.
Цалкам размова:
Азнаёміцца з выдадзенай літаратурай, набыць кнігі, а таксама прачытаць апошнія навіны можна на сайце vesnabooks.eu.
Беларускае Радыё Рацыя