BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Шупа: Мы ўзялі спіс 100 найлепшых літоўскіх кніг і пачалі перакладаць

Сяргей Шупа раней быў вядомы як выбітны перакладчык, журналіст Радыё Свабода і як укладальнік і публікатар «Архіваў БНР». У верасні 2018 году пасля кароткага роздуму ён вырашыў, што найлепшы спосаб, каб кніга выйшла так як хочаш, тады калі хочаш і там дзе хочаш — трэба выдаць яе самому. Так нарадзілася ў Празе выдавецтва «Вясна».

Сяргей Шупа

З Сяргеем Шупам паразмаўлялі пра выдавецтва “Вясна” і пра яго перакладчыцкую дзейнасць.

РР: У свой час з’явілася неверагодная інфармацыя, калі ў Празе нарадзілася паўнавартаснае выдавецтва, якое пачало выдаваць беларускія кнігі. Што падштурхнула да гэтай ідэі?

Сяргей Шупа: Таму што ёсць такая традыцыя – калі беларус трапляе ў Прагу, ён пачынае выдаваць кнігі. Гэтай традыцыі ўжо каля 500 гадоў. І мы проста паспяхова працягваем.

РР: У кожнага выдавецтва ўсё ж такі ёсць нейкая канцэпцыя. У вашага выдавецтва «Вясна» якая канцэпцыя?

Сяргей Шупа: Асабліва канкрэтнай канцэпцыі не маю, як у некаторых нашых калегаў, найперш канцэпцыя тая, што мы выдаем кнігі, якія я сам перакладаю. Але не толькі. І перакладаю я кнігі розныя, але тут можна намацаць нейкія канцэптульныя кірункі – гэта пашырэнне поля беларускай культуры.

Я пачаў з таго, што пераклаў некалькі кніг Мойшэ Кульбака, гэта найвялікшы ідышскі пісьменнік, які жыў, нарадзіўся і загінуў на тэрыторыі Беларусі. І ягоная творчасць належыць перадусім Беларусі, я думаю, сам бы ён з гэтым згадзіўся. Але ён быў незаслужана амаль што забыты. Хто трэба, хто хацеў пра яго ведаў. Але ў каноне беларускай літаратуры ён адсутнічаў. Ніякай іншай літаратуры ў свеце ён не належыць. Ён быў забіты ў гэтую трагічную ноч «расстраляных паэтаў». І калі ў 1956 годзе быў рэабілітаваны, кнігі яго пачалі выдаваць, у тым ліку і ў Беларусі. Выйшаў яго раман «Зелменяне» ў перакладзе Віталя Вольскага, які, на жаль, амаль на 20 працэнтаў абрэзаны, як напісана было ў прадмове ад рэдакцыі, а рэдактарам быў Азік Кучар, ён напісаў, што не ўсё ў гэтай кнізе прайшло выпрабаванне часам, і таму ўсё лішнае адтуль мы павыкідалі. Я прааналізаваў, што там было выкінута, вельмі цікавае можна даследаванне правесці. І мы вырашылі вярнуць Кульбака да беларускай літаратуры…

Другі кірунак, які для нас вельмі важны, – гэта адкрыццё для беларускага чытача літоўскай літаратуры. Як бы самы блізкі сусед, гістарычная блізкасць, супольная гісторыя, шмат іншых цікавых момантаў. Гэтую літаратуру мы ведалі да нядаўняга часу найменш, і гэта недаравальна. Паміж нашымі літаратурамі і культурамі нібыта была нейкая кітайская сцяна. Літоўцы дагэтуль пра сучасную беларускую літаратуру не ведаюць амаль нічога, за выключэннем нейкіх паэтычных тэкстаў. Таму што проста не хапае перакладчыкаў, іх вельмі мала.

І вось мы ўзялі проста спіс 100 найлепшых кніг стагоддзя, было два спісы ў газеце Lietuvos rytas – паволе крытыкаў і паводле чытачоў, і пачалі проста першыя кнігі перакладаць з вяршыні гэтых спісаў. Выдалі кнігу нумар адзін паводле крытыкаў Антанаса Шкемы «Белы саван», эміграцыйны пісьменнік, кніга была за савецкім часам забароненая, як і ўсе астатнія эміграцыйныя кнігі. Кніга нумар тры – гэта самы віленскі раман «Туўла» Юргіса Кунчынаса. Кніга нумар два, на шчасце, ужо выйшла раней, выдадзеная ў Логвінава ў 2018 годзе, гэта «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса, Паліна Вітушчанка пераклала. Мы накрылі гэта, плюс мы зараз выдалі і прэзентуем самы паспяховы літоўскі літаратурны праект 21-га стагоддзя, кніга якая б’е ўсе рэкорды, – гэта чатырохтомнік тэтралогія «Silva rerum», гістарычны раман, вялікая віленская сага пра адзін шляхецкі род ад канца 17-га да канца 18-га стагоддзя, аж да смерці ВКЛ. Вельмі таленавіта напісаны твор, аўтарка Крысціна Сабаляўскайце, яна сама доктар мастацтвазнаўства, вывучала гісторыю матэрыяльнай культуры, сядзела ў архівах дзесяцігоддзі, чытала ўсе гэтыя дакументы, і пасля сказала, што яна так насычаная гэтым матэрыялам, што хача падзяліцца з іншымі людзьмі, узяла і пачала пісаць раманы, і я не ведаю, мне цяжка ацаніць яе як навукоўца, але як літаратар яна проста цудоўная. Доказам таго першы том гэтай тэтралогіі я перакладаў з 22-га літоўскага выдання.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя