Беларускае выдавецтва з Прагі «Вясна» задалося мэтай пазнаёміць беларускага чытача з літоўскай літаратурай. Для арыенціру быў узяты спіс 100 лепшых літоўскіх кніг стагоддзя, які быў складзены газетай «Летувос рітас». Перакладчыкі пачалі перакладаць, а выдавецтва выдаваць. Сёлета выйшлі два тамы з чатырох славутага рамана Крысціны Сабаляўскайце «Silva Rerum».

Кажа кіраўнік выдавецтва Сяргей Шупа:
– Выдалі самы паспяховы літаратурны літоўскі праект ХХІ стагоддзя. Кніжка, якая б’е ўсе рэкорды – гэта чатырохтомнік «Silva Rerum». Гэта гістарычны раман, вялікая віленская сага пра адзін шляхецкі род ад канца 17-га і да канца 18-га стагоддзя, аж да смерці ВКЛ. Вельмі таленавіта напісаны твор, аўтарка – Крысціны Сабаляўскайце. Яна сама доктар мастацтвазнаўства, вывучала гісторыю матэрыяльнай культуры, сядзела ў архівах дзесяцігоддзі.
Яшчэ раней са спісу ста лепшых кніг былі выдадзены раманы Юргіса Кунчынаса “Туўла” і Антанаса Шкемы «Белы саван». Чарговыя два тамы рамана Крысціны Сабаляўскайце выйдуць у наступным годзе.
Беларускае Радыё Рацыя





