Якімі падзеямі цяпер жыве беларускае выдавецтва «Вясна» у эміграцыі? Наколькі шырокае кола беларускіх чытачоў у замежжы? Ці магчыма дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі і наколькі гэта бяспечна для саміх беларусаў?

Над адказамі над такімі пытаннямі разважаў наш сённяшні Госць Рацыі рэдактар, перакладчык Сяргей Шупа.
РР: Чым цяпер жыве Вашае выдавецтва, якія кірункі дзейнасці застаюцца прыярытэтнымі, якія навіны лічыце важнымі?
– Нашае выдавецтва жыве ўражаннямі ад нашага травеньскага турнэ, у якое мы ехалі разам з партнёрам і калегам выдаўцом Андрэям Янушкевічам, а таксама нашымі літаратарамі Юліяй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам. Мы праехалі 5 гарадоў у 2 этапах. Першы быў Вільня-Рыга-Талін. І другі, які закончыўся пазаўчора – Уроцлаў і Прага. Мы былі вельмі ўражаныя цікавасцю чытачоў у гэтых гарадах нашай новай беларускай дыяспары. Паўсюль прыходзіла значна больш людзей, чым мы спадзяваліся.
– Людзі цікавіліся, слухалі, задавалі пытанні, уступалі ў нейкія размовы, куплялі кнігі. Былі вельмі плённыя аўтограф-сэсіі. Карацей кажучы, гэтае турнэ апраўдала нашыя самыя пазітыўныя і светлыя чаканні. Гэта такая апошняя падзея на якой мы прадстаўлялі свае новыя кнігі. Нашае выдавецтва «Вясна» прэзентавала чарговы том у поўным зборы твораў Мойшы Кульбака. Мы выдалі ягоныя славуты культавы менскі раман «Зальмяняне».
– Гэта кніжка пра яўрэйскую сямю на пераломе эпох. Падзеі адбываюцца ў 1929-1930 гадах, калі проста адыходзіць старая эпоха і прыходзіць новая. У Кульбак даволі арыгінальна, і не зусім па-савецку працэсы ў гэтай кнізе апісаў. Кніга была вядомая ў ранейшым старым перакладзе Віталя Вольскага, дзеда Лявона Вольскага, які выйшаў у 1960-ым годзе.
– Але тады быў моцна парэзаны рэдактурай і магчыма цэнзурай, у той кнізе выпала 12%, то бок 1/8 частка ўсяго тэксту. Кніжка была перавыдадзеная ў 2015 годзе выдавецтвам «Паппуры» у кішэнным варыянце, у гэтым фармаце з кнігі выпала 40 старонак. Можаце сябе ўявіць, калі любы раман скараціць на 40 старонак, колькі ён страціць. Нашае выданне – гэта першае поўнае выданне па-беларуску, поўны пераклад, новы пераклад. І я спадзяюся, што гэтая кніжка знойдзе свайго ўдзячнага чытача.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Замовіць кнігі ці даведацца больш пра дзейнасць выдавецтва Вясна можна праз адмыслова створаны сайт vesnabooks.eu.
Беларускае Радыё Рацыя