Урачыста віншавалі юбіляра ўсім горадам падчас фестывалю «Спасаўскія запусты». Да таго, каб гэты фестываль з’явіўся, спрычыніўся між іншымі і Сяргей Лукашук. Добра вядомы ён таксама як збіральнік беларускіх народных песень з Бельска і ваколіц. Традыцыйныя песні, запісаныя Лукашуком, складаюць аснову рэпертуара бельскай «Маланкі», іх спяваюць «Васілёчкі» ды іншыя бельскія калектывы. А яшчэ Сяргей Лукашук – колішні дырэктар Бельскага дома культуры і кіраўнік шматлікіх музычных калектываў, што ў розныя гады існавалі ў Бельску. Стаяў на чале «Васілёчкаў», «Маланкі», стварыў дзіцячыя і маладзёжныя калектывы – «Дзявочыя ноткі», «Крынічка», «Іскеркі», «Жучкі», «Нашыя дзеці», «Журавінка». За 60 год такой руплівай працы музыка выхаваў не адно пакаленне бяльшчан у любові і пашане да беларускай песні.
Кажа юбіляр і дырэктарка Бельскага дома культуры Эльжбета Фіёнік:
– Наш любімы Сяргей Лукашук адзначае 80-годдзе. Ён настолькі не выглядае. Ён па-ранейшаму актыўны, бо ўвесь час нешта робіць – інструменты, рэпетыцыі ў Доме культуры, прыязджае да нас у Студзіводы.
Сяргей Лукашук: – Вялікая неспадзяванка. Я вельмі дзякую. Уладам нашага горада – гарадскім, павятовым. А найбольш дзякую Бельскаму дому культуры. А таксама ўсім калектывам, якія існуюць пры Доме культуры. Дзякую ўсім, хто спяваў у маіх калектывах. Хачу падзякаваць маім сябрам і сяброўкам, якія арганізавалі гэтыя «Спасаўскія запусты».
Сёлетні год у Бельску багаты на юбілеі. У кастрычніку бяльшчане гасцінна запрашаюць на канцэрт з нагоды 60-годдзя старэйшага калектыву Бельска – «Васілёчкаў».
Беларускае Радыё Рацыя