BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяржук Сыс: Дом – гэта асяроддзе, якое вакол мяне

«Дом» – гэта назва кнігі, якую прэзентаваў нядаўна ў Вільні Сяржук Сыс. Дом – гэта асацыяцыі з тым куточкам роднага і дарагога сэрцу месца, дзе ты нарадзіўся ці жыў доўгі час. Гэта апора, якая цябе трымала, а зараз ты яе страціў, бо давялося бегчы адтуль з-за пераследу.  “Дом” – гэта пра каханне, сум, добрых людзей і надзеі. Але больш падрабязна пра сваю кнігу і жыццё падчас яе напісання распавядзе сам аўтар – Госць Рацыі – паэт, праваабаронца і журналіст Сяржук Сыс. З ім размаўляе наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Ваша кніга называецца “Дом”. Вы нават хацелі з’ехаць дадому, і вас ад гэтага ўтрымалі. Гэта сапраўды так балюча, і таксама тое, што вы казалі, што ў Вільні не зусім прыжыліся?

Сяржук Сыс: Так, у Вільні вымушаны жыць. На пачатку гэта было праўда балюча, я разумеў, што я страціў дом, рэальны фізічны дом, кусок Радзімы, кусок сяброў. У Вільні дома яшчэ няма, але дом для мяне не ў тым фізічным вымярэнні, што гэта нейкая канструкцыя, пабудова, я асэнсую дом як асяроддзе, якое вакол мяне. Тыя людзі, якія могуць падтрымаць, нейкія сустрэчы, нейкія знаёмыя, нейкая рука падтрымкі – і гэта самае важнае. Вось гэта для мяне дом.

Можна гаварыць пра канцэпцыю гэтай кнігі многа, а рэальна аднойчы я напісаў верш у Кіеве дзяўчыне, якая таксама з’ехала з Беларусі і зараз жыве ў Швейцарыі, таму што вайна. Быў там напісаны верш “Дом”, ён уразіў мяне настолькі, а я яго напісаў за адну хвіліну, бо ў галаве ўжо пракручвалася. Звычайны верш “Дом”, напісаны кірыліцай. Дом пабудуй – ён ніколі не будзе тваім, прыйдуць новыя нашчадкі, усё забудзецца. Але тое, што вакол цябе, тыя людзі, якія падтрымліваюць, а яна сапраўды падтрымлівала, то я і лічу гэта домам. Такая метамарфоза адбылася.

РР: І вось як вы збіраліся з’ехаць, хто вас падтрымаў?

Сяржук Сыс: Мяне нейкай хітрасцю вызвалілі пасля трох сутак на Акрэсціна, крымінальная справа ішла, і ў панядзелак – на допыт. І я з’ехаў з Менска на радзіму, у Рэчыцкі раён, на Палессе. Выключыў тэлефон, усё выкінуў. І маці, магілы продкаў, я хадзіў, думаў і вельмі доўга ўзважваў. Я імпульсіўны, такі эмацыйны чалавек, але там я думаў пра тое, што мне рабіць. Пераважыла тое, што я не страчу працу, я буду прыносіць карысць, па-другое, у мяне маленькае дзіця, якое таксама трэба карміць. І вырашыўся. Калі ты сказаў “так”, то людзі дапамаглі.

Гэта быў складаны і дарагі працэс, тады эвакуацыя каштавала 3000 еўра. Вось людзі збіралі гэтыя грошы. У Расеі было вельмі складана, ратавала паэзія, дарэчы, кожны дзень пісаў па вершу. Яны проста выплывалі з мяне.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя