BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шляхам змагання і пакутаў

Палута Бадунова

Беларуская палітычная дзяячка Палута (Пелагея) Бадунова нарадзілася 7 верасня 1885 году ў мястэчку Навабеліца (цяпер адзін з раёнаў Гомелю). Яе бацька, Аляксандар Восіпавіч, арандаваў невялікі маёнтак, што і было асноўным прыбыткам сям’і, у якой гадавалася сямёра дзяцей. Палута скончыла двухкласную вучэльню ў Буйнічах каля Магілёву, а потым здала іспыты на хатнюю настаўніцу расейскай мовы і геаграфіі. З 1905 года пачала працаваць у школах Гомельскага павету. У 1914-17 гадах вучылася на гісторыка-літаратурных курсах у Петраградзе, дзе і адбылося знаёмства з асяродкам беларускай інтэлігенцыі. У чэрвені 1917 года абраная сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. Была дэпутаткай Петраградскага Савету рабочых і сялянскіх дэпутатаў. З 5 жніўня 1917 года – сябра рэвізійнае камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый у Менску. Брала ўдзел у працы І Усебеларускага з’езду.

21 лютага 1918 года ўвайшла ў Народны сакратарыят БНР, заняла пасаду народнага сакратара апекі. Удзельнічала ў адкрыцці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школаў. Старшыня арганізаванага ў Менску дабрачыннага беларускага таварыства “Цётка”. Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. 12 лістапада 1919 года абраная намесніцай старшыні Народнай Рады БНР.

17 лістапада 1919 года разам з Язэпам Мамонькам і Вацлавам Ластоўскім была арыштаваная польскімі ўладамі. У красавіку 1920-га вяла перамовы з ЦК РКП (б) у Маскве. На з’ездзе БПСР 25 снежня 1920 года ў Менску выступала за лавіраванне ў дачыненні да савецкай ўлады, спадзеючыся на трансфармацыю БССР у суверэнную нацыянальную дзяржаву.

У лютым 1921 года ў час акцыі па прымусовай “ліквідацыі БПСР Палута сярод іншых была арыштаваная бальшавікамі. Ёй інкрымінавалі сувязь з падпольнымі арганізацыямі ў Віцебскай, Смаленскай, Гомельскай губернях, а таксама з арганізацыямі па іншы бок савецка-польскага фронту. У час арышту значна пагоршыўся стан яе здароўя. 16 жніўня 1921 года была вызваленая.

У канцы 1922 года нелегальна перайшла польскую мяжу і накіравалася ў Вільню. Праз месяц арыштаваная польскай жандармерыяй з мэтай вяртання ў СССР. Толькі ў жніўні яе вызвалілі з патрабаваннем неадкладна пакінуць Польшчу. Палута яшчэ паспела сустрэцца і выступіць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў Вільні, Гданьску.

У 1923-25 гадах жыла ў Празе. Там паступіла ва Ўкраінскі вышэйшы педагагічны інстытут імя М. Драгаманава. Але з-за хваробаў вучоба была перапыненая. Пачалі праяўляцца нервова-псіхічныя захворванні. У 1923 годзе ўрад БССР абвясціў амністыю дзеячам беларускага руху, якія не змагаліся са зброяй у руках. Гэта ўсё суправаджалася палітыкай беларусізацыі, узбуйненнем тэрыторыі БССР, пераходам да НЭПу. Чарговы раз даверыўшыся бальшавікам, у сярэдзіне 1925 года пачалі масава вяртацца эмігранты. Палута Бадунова вярнулася ў СССР. Наступныя пяць гадоў жыла ў сястры Марыі ў Менску, спрабавала наладзіць супрацу з Інбелкультам.

Першая хваля рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі, што пачалася ў 1930 годзе, Палуту не закранула, магчыма быў улічаны стан яе здароўя. У 1930-ым яна вярнулася ў Гомель. Працавала настаўніцай. Летам 1937 года пачалася новая хваля рэпрэсій. 3 верасня 1937 года Бадунова была арыштаваная. Спярша быў прысуд – 10 гадоў савецкага канцлагеру. 25 траўня 1938 года прыгавораная да расстрэлу. Расстраляная 29 лістапада 1938 года ў Менску.

Рэабілітаваная толькі ў 1989 годзе.