BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Спектакль «Мая мама ў турме» ў Варшаве

У суботу, 22 лютага, у Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11) граюць спектакль «Мая мама ў турме». Пачатак 19.00.

Ён пастаўлены паводле кнігі Вольгі Вялічка пра жыццё, мары і казкі дзяцей палітвязняў.

Два гады таму псіхалагіня Вольга Вялічка, якая працуе з дзецьмі палітзняволеных, пачала збіраць апавяданні аб тым, як яны перажылі гэты складаны этап — спачатку ператрусы дома, потым затрыманне бацькоў, прычым часам абодвух, і іх заключэнне.

Дзеці расказвалі, якія ім сняцца сны і якія яны прыдумляюць казкі, каб перажыць траўму, а яшчэ — пра што яны мараць.

Іх досвед параўноўваецца ў спектаклі з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных у савецкі час у жаночым лагеры АЛЖЫР (Акмалінскі лагер жонак здраднікаў радзімы, які існаваў да 1953 года ў Казахстане).

Былыя акторы Гарадзенскага драматычнага тэатра, якія пасля пратэстаў былі вымушаны пакінуць Беларусь, разам з калегамі са Старога Віленскага тэатра паставілі на аснове кнігі спектакль.

У пастаноўцы задзейнічаны дзеці, якія займаюцца ў тэатральнай школе «Разам» і таксама не могуць вярнуцца на радзіму.

Рэжысёрка — Наталля Лявонава.

Спектакль ідзе на беларускай мове з перакладам на польскую мову субтытрамі.

Уваход вольны. Рэгіструйцеся па спасылцы.

Арганізатары