Тэатральную пастаноўку па п’есе Францішка Аляхновіча “Шчаслівы муж” пакажуць у Варшаве. Імпрэза адбудзецца 28 снежня. Адметна, што ў пастаноўцы ініцыятывы Dzieja druhaja задзейнічаныя і экс-палітвязні.

“Праз наш спектакль мы хочам падарыць гледачам прыемны, лёгкі вечар”, – кажуць сустваральнікі падзеі, кампазітар Ілля Семашкевіч, актрыса Вольга Каралёнак, артыст, мастак і аўтар візуалу Даніла Ганчароў нашаму радыё.
РР: Чым для вас адметная гэтая пастаноўка?
Даніла Ганчароў: “Шчаслівы муж” – гэта выбітная пастаноўка за аўтарствам першапачатковага сцэнару Аляхновіча. Гэта п’еса напісаная ў астатнія дні існавання сярэдняй Літвы. Даволі трагічны, падавалася б, перыяд, але гэта цалкам пазбаўленае нейкай палітыкі, нейкай сацыяльнай сітуацыйнай драмы. Проста лёгкая камедыя, якой так не хапае ў беларускай літаратуры. Яна вельмі нетыпова ўспрымаецца паколькі гэта, можа быць, вадэвіль, але гэта адзіны мяшчанскі, вось такі сапраўдны беларускі вадэвіль у гісторыі створаны. Яна проста лёгкая, музычная, крышачку інтымная. Яна пра імпэт чалавека быць не тым, кім ён ёсць. Прадстаўляе сябе большым, чым ён ёсць і што з гэтага вынікае. І, канешне, пра стасункі і распусныя адносіны.
РР: Вы гэтую пастаноўку паказвалі ўжо неаднаразова, але разам з тым, чаму важна для вас прадэманстраваць яе і ў калядны час?
Вольга Каралёнак: Спектакль задумваўся як спектакль свята як для гледачоў, так і для акцёраў, прынамсі мне хацелася, каб акцёры дурэлі, каб яны бавіліся, прыдумлялі нешта новае, і, як ракавінкамі, спектакль абрастаў жартамі. І вось, я ўжо дзялілася з калектывам, што ў кастрычніку я адчула, што спектакль задыхаў напоўніцу, пачаў жыць сваім жыццём. Мы ўсе пачалі ў ім развівацца. І змянілася стаўленне гледача, і глядач стаў больш смяяцца. Вось у кастрычніку я гэта адчула, і зараз спектакль на піку формы і яго трэба граць. Калі яго граць, як не ў Каляды, як не на святы? Таму гэта такі падарунак як нам самім, так і гледачам.
РР: Наколькі проста або складана працавалася з музычнага пункту гледжання?
Ілля Семашкевіч: Для мяне гэта стандартная праца, таму што вельмі шмат класічных матываў. Складана было тое, што трэба дайграць. Не трэба было, як звычайна, напісаць і сядзець глядзець, а менавіта трэба граць на інструменце, гэтыя ўсе рэпетыцыі, такое жыццё з трупай, з акцёрамі, пастаянна гэтае ўзаемадзеянне. Гэта вельмі цікавы вопыт, які развівае. Я спачатку думаў, што мала музыкі, а цяпер разумею, што нармальна.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
З сустваральнікамі спектаклю гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Квіткі на падзею: https://goout.net/pl/szczesliwy-maz/szvkvox/
Беларускае Радыё Рацыя