Чарговы паказ спектакля «Зэкамерон» па кнізе былога палітвязня Максіма Знака. Гэтым разам паказ адбудзецца 28 лютага ў Кракаве ў прасторы «Małopolski Ogród Sztuki». «Зэкамерон» — дакументальны раман, які складаецца са ста навел, што апісваюць жыццё зняволеных і іх ахоўнікаў у адным з беларускіх СІЗА. Максім Знак пісаў гэтую кнігу, будучы вязнем. Шэраг апавяданняў з гэтай кніг «вольныя купалаўцы» адаптавалі для тэатральнай сцэны.

Кажа ўдзельнік спектакля актор Алег Гарбуз:
– Мы не ўсё бралі, мы ўзялі прыкладна 20-30% больш негатыўнага. Калі там былі гісторыі пра нейкіх маньякаў ці пра нейкіх адмоўных персанажаў, мы гэтага не бралі. Мы стараліся браць пра людзей, пра якіх цікава было б паказаць нашаму гледачу. Проста мы наўмысна заблакавалі тыя гісторыі, якія мы палічылі для нашага спектакля недарэчнымі.
У спектаклі «Зэкамерон» задзейнічаны два вольных купалаўца – Алег Гарбуз і Сяргей Чуб, а таксама музыка, лідар рок-гурта «J-морс» Уладзімір Пугач. Рэжысёр спектакля – Войцэх Урбаньскі. Спектакль ідзе на беларускай мове з польскімі субцітрамі.
Беларускае Радыё Рацыя






