6 чэрвеня споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, лаўрэата шматлікіх прэмій Аляксея Дударава (1950-2023).

Аляксей Дудараў нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Віцебскай вобласці, скончыў у Наваполацку прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў і пэўны час нават адпрацаваў на нафтаперапрацоўчым заводзе. Але ягонае жыццё неўзабаве змянілася. Ён паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут, працаваў акцёрам у Тэатры юнага гледача, узначальваў часопіс «Мастацтва», але больш паспяховым стаў як драматург і сцэнарыст.
Аляксей Дудараў узнімаў у сваёй творчасці зусім розныя тэмы. Звяртаў увагу на беларускую мінуўшчыну (п’есы «Князь Вітаўт», «Палачанка», «Чорная панна Нясвіжа»), а таксама на жыццё ў звычайнай беларускай вёсцы, адкуль народ пачаў паступова пераязджаць у буйныя гарады. Так нарадзілася вядомая п’еса «Вечар», якая ўвайшла ў школьную праграму і ў рэпертуар Купалаўскага тэатра.
Яшчэ адзін вядомы твор Аляксея Дударава. Гэтым разам прысвечаны тэме Другой сусветнай вайны, але ў цэнтры не вайсковыя падзеі, батальныя сцэны, а жыццёвыя перажыванні людзей. Напісаць п’есу Аляксею Дудараву замовіла Міністэрства культуры да 40-годдзя Перамогі, аднак з пэўнымі ўмовамі: без лозунгаў і захопнікаў. У выніку п’еса «Радавыя» масава з’явіліся ў тэатрах па ўсім былым Савецкім Саюзе, а за пастаноўку у адным з маскоўскіх тэатраў заплацілі такі ганарар, што адразу можна было набыць аўтамабіль.
«Па сваёй наіўнасці ў 1980-я думаў, што пройдзе гадоў 20—30 — і „Радавыя“ састарэюць, а тэатры перастануць да яе звяртацца. Але, відаць, гэта п’еса без узросту», — казаў пры жыцці Аляксей Дудараў.

Бадай, самы вядомы твор аўтара — сцэнарый да фільма «Белыя Росы» — таксама прысвечаны праблеме вёскі. Яе ў фільме збіраюцца знесці і тэрыторыю аб’яднаць з горадам, і на фоне гэтага адбываецца шэраг разнастайных падзей. Фільм быў зняты ў 1983 годзе кінастудыяй «Беларусьфільм» і сабраў каманду з вядомых савецкіх акцёраў: Усевалад Санаеў, Генадзь Гарбук, Мікалай Карачанцаў, Станіслаў Садальскі. У пракаце стужка сабрала 36,1 млн гледачоў і да 1989-га з’яўлялася самым касавым беларускім фільмам.
Як і было прапісана ў сцэнарыі, здымалі кіно ў Гародні. Белымі Росамі стала бліжэйшая вёска Дзевятоўка. Яна цалкам паўтарыла лёс Белых Росаў і ў 2008-м ператварылася ў буйны мікрараён. У гонар герояў фільма ў Гародні ўстанавілі драўляныя скульптуры. У 2014-м быў зняты працяг стужкі, над сцэнарыем якога таксама працаваў Аляксей Дудараў.


Беларускае Радыё Рацыя