BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што насамрэч азначаў тэрмін “gente Ruthenus, natione Polonus”?

Сапраўдны гісторык не павінен паўтараць чужыя памылкі, – так лічыць прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Алег Латышонак. Такая пазіцыя насамрэч выклікае гарачыя спрэчкі і дыскусіі, бо руйнаванне ранейшых мітаў – балючы працэс.

Алег Латышонак

У новым нумары альманаху «Гістарычныя сшыткі» надрукаваны артыкул гісторыка «Што насамрэч азначаў тэрмін gente Ruthenus, natione Polonus?», які, відавочна, таксама выкліча спрэчкі і дыскусіі.

З сённяшнім Госцем Рацыі Алегам Латышонкам пра гэты артыкул і пра хібы гістарычнай навукі паразмаўляў Васіль Кроква:

-Я заняўся нечым, што з’яўляецца фундаментам польскай навукі. І калі ідзе пра часы Рэчы Паспалітай, пра тое, што існаваў быццам бы “польскі народ палітычны”. Я гэтага “польскага народу палітычнага” у тым перыядзе, якім я займаўся, 16 – 17 стагоддзі, зусім не знайшоў. Былі палякі, русіны, літвіны, але ж не было ніякага “польскага народу палітычнага”.

Была эліта Рэчы Паспалітай, была ў некаторых свядомасць супольнай дзяржавы ў 18-ым стагоддзі. Ужо пад канец 17-га стагоддзя я і ў мяшчанаў знайшоў пачуццё прыналежнасці да польскай нацыі. А вось у шляхты то ніколі, бо шляхта верная была сваім караням. Калі хто быў літоўцам, то быў літоўцам. Мог, напрыклад, русін, як Сапега, зрабіцца літвінам і зрабіць сабе паходжанне ад Палямона. Але то ўжо была канверсія. Але ж іншыя заставаліся русінамі.

Адвагі я набраўся, як прачытаў артыкул Дэвіда Альтоэна аб гэтым акрэсленні “gente Ruthenus, natione Polonus”, якое нібыта паводле польскага гісторыка Станіслава Кота, які ў 1938 годзе абвясціў, што  гэта значыць “з нараджэння русін, з паходжання русін, але ж з нацыянальнасці – паляк”. І гэта фундамент польскага думання пра той час. А гэты фундамент фальшывы.

РР: Ваш новы артыкул, які надрукаваны ў “Гістарычных сшытках”, гэта і ёсць такая спроба выпраўлення гісторыі ці Ваш асаблівы погляд на гісторыю? Як гэта можна патлумачыць?

Алег Латышонак: Гісторыю ўжо не выправіць, бо яна ўжо адбылася. А выпраўленне ў гістарычнай навуцы – палякаў нішто не выправіць. Яны далей гэта будуць паўтараць, што Кот прыдумаў, бо ім гэта выгодна. Я проста сам для сябе шукаў, як гэта сапраўды было. І пайшоў іншым шляхам, чым Альтоэн, які  быў маім натхняльнікам.

Яшчэ раз паўтару, ён праверыў толькі ўсе пісьмёны Станіслава Арахоўскага, у якіх быццам бы першы сказаў “gente Ruthenus, natione Polonus”. Аказалася, што ён нават так не сказаў, толькі “gente Roksolanus, natione Polonus”, але гэта тое самае значыць. І з яго пісьмёнаў вынікала, што ён усё ж такі лічыў сябе русінам, а не палякам.

Я праверыў усе дзяржаўныя дакументы з эпохі, пачынаючы з Люблінскай уніі. І ва ўсіх гэтых дакументах чорным па белым gens – гэта нацыя ў нашым разуменні. А пра нацыю няма нават і размовы. Так што я нават здзівіўся, што за столькі дзесяцігоддзяў ніхто ў гэта не заглянуў. Відаць, нікому не было трэба. Быў прыгожы міф пра “польскі народ палітычны”, то навошта яго абвяргаць? Ёсць такія, хто абвяргае розныя міфы. Але цяпер модна новыя ствараць адносна больш модных тэорый і праблемаў. А гэтым міфам ніхто не займаўся, проста паўтаралі. І для мяне стала ажно дзіўна, што ніхто не прачытаў ніводнага дакумента. Але з другога боку, я абсалютна не спадзяюся, што я нешта ў польскай гістарыяграфіі выпраўлю. Ім гэта не цікава.

Сустрэча з гісторыкам адбудзецца 27 лістапада у Праваслаўным культурным цэнтры па адрасе вул. Святога Мікалая, 5. Пачатак а 18-й гадзіне.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя