BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Стваральніца лялек Юлія: “Мой шлях як арэлі

“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: рамеснікамі, дызайнерамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.

Госцяй праекту стала Юлія – стваральніца лялек, заснавальніца брэнду AniseniaShop.

Па сутнасці кожны мой выраб унікальны”

Цяпер у мяне два накірункі пад агульным брэндам AniseniaShop. Першы – гэта AniseniaDolls, дзе сабраныя ўсе мае лялечкі: ад маленькіх серыйных падвесак (каля 10 см) да вялікіх (ростам ад 20 да 40 см). Другі накірунак –

AniseniaHome. Сюды ўваходзіць дамашні дэкор (розныя тэматычныя кампазіцыі з элементамі з тэкстылю, напрыклад, вянкі з птушкамі) і дамашні тэкстыль (тут мае знакамітыя сукенкі-ручнікі, а таксама сталовыя дарожкі і сурвэткі для сервіроўкі).

Па сутнасці кожны мой выраб унікальны, індывідуальны і своеасаблівы. Некаторыя з іх нават зразумелыя толькі сваім уладальнікам. Найбольш яркімі і запамінальнымі вырабамі я лічу калекцыю Zodiac (навагоднюю серыйную калекцыю лялек па ўсходнім календары) і топ з топаў – гэта мая візітоўная картка – анёл з сэрцам.

Для мяне гэта не пра заробленыя грошы, прыбыткі”

Я люблю прымаць удзел у розных кірмашах і маркетах. Яшчэ ў Беларусі я была пастаяннай удзельніцай маштабных мерапрыемстваў. Пераехаўшы ў Польшчу, стала актыўна далучацца да беларускага Арт Маркета ў Варшаве, штогод прымаю ўдзел на Казюкасе ў Вільні. Чаму мне гэта важна? Для мяне гэта не пра заробленыя грошы, прыбыткі. А пра самую атмасферу, якая пануе на такіх мерапрыемствах. Гэта неверагодны абмен энергіяй. Прычым як паміж самімі майстрамі, так і паміж майстрам і пакупніком. Ці нават не пакупніком, а знаўцамі творчасці, якія прыходзяць проста сказаць табе дзякуй за твае працы.

Часам наведвальнікі Арт Маркетаў могуць выказацца наконт маіх ляляек: «Ого! А я думала, што яны ўсміхаюцца, і толькі потым заўважыла, што на твары толькі вочы намаляваныя!». Спачатку я вельмі ярка запамінала гэтыя эмоцыі пакупнікоў, а потым недзе прачытала, што да такой тэхнікі перыядычна звяртаюцца псіхолагі ў працы з дзецьмі, каб прапрацаваць пачуцці.

А яшчэ шматлікіх прыводзіць у дзікае захапленне, калі яны заўважаюць што ва ўсіх лялячак ёсць ніжняя бялізна. Я, як аўтар, ужо не бачу ў гэтым нечага асаблівага. Але людзям вельмі падабаецца!

Сюды ж магу аднесці каментарыі людзей пра дэталізацыю вобразаў.

“Да лялек я прыйшла ў дыкрэтным адпачынку”

Мая творчасць пачалася даўно, яшчэ ў дзяцінстве. Я ўвесь час чымсьці захаплялася, хадзіла на розныя гурткі: вязанне, дэкаратыўнае мастацтва, саломка, тэкстыльныя кветкі, нешта шыла разам з мамай… Было нават ткацтва з бабуляй у вёсцы! Пасля школы былі курсы фларыстыкі. Пасля заканчэння іх я хадзіла да выкладчыка на асабістыя заняткі ў майстэрню, дзе мы стваралі ўнікальныя кампазіцыі і калажы, якія не ўваходзілі ў праграму курса. Затым былі таксама курсы ландшафтнага дызайну і дызайну інтэр’ера. Адным словам, творчасць заўсёды ішла са мной побач. А да лялек я прыйшла ў дыкрэтным адпачынку, калі недзе ў інтэрнэце ўбачыла ляльку, якую захацела купіць сваёй дачцэ. Але вырашыла, што спачатку паспрабую пашыць сама і, калі не атрымаецца, то куплю. Але ўсё атрымалася – і нават лепей, чым я чакала.

Як і ўсе творчыя людзі, я жыву эмоцыямі. Мой шлях як арэлі. І было шмат сітуацый і жыццёвых момантаў, калі пракрадаліся думкі, што час заканчваць «гуляць у лялькі» і будаваць дарослае жыццё. Але я працягваю. І, мабыць, занясу гэта да дасягненняў!

“Лялек-беларусачак многія купляюць, як абярэгі”

У 2020 годзе ў мяне “нарадзілася” серыйная калекцыя Беларусачак. Маленькія лялячкі-падвескі ў ільняных сукенках з беларускімі арнаментамі. Ужо чацвёрты год яны не перастаюць карыстацца попытам. Многія іх купляюць, як абярэгі, вешаюць у машынах на люстэрка задняга віду, як талісманы. Першыя серыі гэтых дзяўчынак былі зроблены яшчэ ў Мінску, прадаваліся на кірмашах (калі яшчэ можна было прадаваць такое) і потым, у далейшым, раз’ехаліся са сваімі ўладальнікамі ў розныя куткі зямнога шару. Пасля майго пераезду таксама з’явілася абмежаваная серыя ручнікоў і сталовага тэкстылю з ільняной тканіны з арнаментамі. Гэта была вельмі складаная лагістыка дастаўкі яе з Мінска ў Варшаву. І, мусіць, усю яе выкупілі з менскіх крам (ЦУМ, ГУМ) таксама для мяне. А потым яна ўвогуле знікла. Гэта нават не дзіўна. Сумна, але не дзіўна.

Беларускае Радыё Рацыя