
20 траўня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага балетмайстра Канстанціна Алексютовіча (1884-1943).
Канстанцін Алексютовіч скончыў Пецярбургскае тэатральнае вучылішча ў 1906 годзе. Напачатку кар’еры харэограф выкладаў пластыку і танцы ў Аляксееўскай жаночай гімназіі Рэймана.
У 1920 годзе ў Менску адкрыўся БДТ-1, пры ім была створана невялікая балетная трупа пад кіраўніцтвам Канстанціна Алексютовіча. На гэтай пасадзе балетмайстар працаваў да 1928 года. За гэты час ім былі пастаўленыя танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драматычных спектаклях «На Купалле» Міхася Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Еўсцігнея Міровіча, «Панскі гайдук» Назара Бываеўскага, «Вяселле» Васіля Гарбацэвіча і іншыя.
Адначасова з працай у БДТ-1 Алексютовіч супрацоўнічаў з Уладзіславам Галубком у БДТ-3. Кіраваў аматарскімі калектывамі, у тым ліку першым беларускім самадзейным харэаграфічным калектывам – ансамблем танца Менскага клуба КІМ.
У 1930 – 1937 гадах Канстанцін Алексютовіч працаваў балетмайстарам Беларускага тэатра рабочай моладзі і Беларускага тэатра юнага гледача, у 1937 – 1941 гадах быў галоўным балетмайстарам ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі.

У час Другой сусветнай вайны беларус трапіў у Самарканд, дзе працаваў балетмайстарам абласнога ўзбекскага музычна-драматычнага тэатра.
Алексютовіч працягнуў папулярызацыю беларускіх народных танцаў, пачатую Ігнатам Буйніцкім. Канстанцін Алексютовіч высока цаніў працу сваіх папярэднікаў. У сваёй творчасці ён не адрываўся ад народнага мастацтва, гэта дало яму магчымасць адрадзіць вялікую колькасць забытых танцаў. Ён сцэнічна ўдасканаліў і ўзбагаціў народны танец яркім арнаментальных узорам, распрацаваў новыя, блізкія народным, тэхнічныя элементы рухаў, стварыў шэраг полек, круцёлак, якія арганічна ўвайшлі ў лексіку народнага беларускага танца.
Канстанцін Алексютовіч захоўваў у кожным танцы народны каларыт, характар вобразу. Балетмайстар аранжыраваў фальклорны матэрыял і вяртаў яго народу ва ўзбагачаным выглядзе. Ён стварыў сцэнічныя варыянты шматлікіх беларускіх танцаў. У тым ліку – танец «Бульба», сцэнічныя варыянты танцаў «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Бычок», «Кола», «Юрачка», «Верабей», «Лянок», «Шастак», «Галубец», «Казачок», а таксама шэраг кадрыляў, карагодаў і гульняў.

Беларускае Радыё Рацыя