BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Светлыя душы ў змрочны час” у прасторы “Робім разам”

“Светлыя душы ў змрочны час” – выстава пад такой назвай працуе ў прасторы “Робім разам” у Варшаве. Яна спалучае ў сабе творчасць трох беларускіх мастачак, якія пішуць карціны ў трох розных кірунках. Адпаведна яны працуюць рознымі тэхнікамі і матэрыяламі: акрылам, алеем, акварэллю.

Як кажа арганізатарка выставы Вольга Пашковіч, задума арганізаваць такую выставу ёй прыйшла ў сне:

Гэтая выстава чароўным чынам прыснілася мне ў сне, і я вырашыла яе рэалізаваць. На гэта мяне падштурхнулі такія думкі, што тут ужо хто трэці, хто чацвёрты, а хто і пяты год знаходзіцца ў прымусовай эміграцыі. І ў людзей зараз такое часовае адчуванне дэпрэсіі, адчуванне чагосьці такога змрочнага. І вось, ці можа ў прымусовай эміграцыі быць штосьці пазітыўнае? Над гэтым я задумалася.

Пасля гэтай выставы творцы вырашылі і далей працягваць супрацу свайго трыа і ладзіць разам выставы. Як зазначае мастачка Яўгенія Палуян, яны хочуць прасоўваць пазітыў у мастацтве:

Цяпер нейкая мода пайшла – мастакі малююць нейкі дэпрэсіўны стан. Я не хачу ў гэтым дэпрэсіўным стане знаходзіцца, бо я стамілася ад гэтага. Хочацца якойсьці надзеі, радасці жыцця. Вельмі шмат карцін, на якія глядзіш і не хочацца жыць. Зразумела, жывапіс можа быць розны. Але мне хочацца пазітыўнага моманту, і дзяўчынам таксама. Мы вырашылі, што будзем разам.

Выставу “Светлыя душы ў змрочны час” у варшаўскай прасторы “Робім разам” можна будзе паглядзець яшчэ тыдзень. Яна будзе працаваць да 17 сакавіка, у будныя дні – з 13.00 да 21.00, у выходныя – з 11.00 да 21.00.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Ірына Хвайніцкая са сваёй працай

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіву Вольгі Пашковіч