BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Свята беларускай культуры адбудзецца ў Беластоку

Фестываль «Свята беларускай культуры» штогод ладзіцца Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Беластоку.

Леташні фестываль„Свята беларускай культуры“. Больш здымкаў тут

Сёлетняя імпрэза адбудзецца ў нядзелю 23 чэрвеня ў 15.00, а месца яе правядзення традыцыйнае – парк Плянты, пляцоўка каля фантана.

Пра «Свята беларускай культуры» і не толькі Ганна Комінч паразмаўляла са старшынём БГКТ Васілём Сегенем:

РР: Скажыце, калі ласка, Васіль, „Свята беларускай культуры“ ладзіцца каторы год?

– „Свята беларускай культуры“, як адна з самых важных і самых прэстыжных імпрэзаў, што ладзіць БГКТ, ужо некалькі дзясяткаў гадоў існуе ў ландшафце беларускай культуры ў Польшчы, на Падляшшы. Сустракаемся ўжо чарговы раз сёлета з вернымі гледачамі і слухачамі.

РР: Калісьці ў свяце беларускай культуры бралі ўдзел калектывы з Беларусі. А як цяпер?

– Цяпер прадстаўнікамі Беларусі на нашым свяце ёсць тыя беларусы, што нядаўна з’ехалі са сваёй радзімы і месцам жыхарствам абралі сабе Беласток або Падляшша; што жадаюць, далучацца да беларускай культуры, што на Падляшшы існуе ўжо многія дзесяцігоддзі, калі не стагоддзі. Афіцыйныя запрашэнні ў адрас калектываў з Беларусі спыніліся праз вядомыя падзеі ў 2020 годзе, і тое, што ў 2022 годзе здарылася ва Украіне. Ладзім нашыя гэтыя святы апіраючыся на свой патэнцыял. Патэнцыял тых аматарскіх беларускіх калектываў, што існуюць тут на Падляшшы – многія існуюць шмат гадоў, іншыя толькі пачынаюць.

РР: Яшчэ быў адзін фестываль, што ладзіўся штогод улетку, а цяпер ён знік з вашага культурнага жыцця. Гэта быў фестываль, дзе сустракаліся беларусы з Польшчы і палякі з Беларусі. Колькі гадоў ужо няма гэтага фестываля?

– Тое, што я сказаў пра „Свята беларускай культуры“ і супрацу з калектывамі з Рэспублікі Беларусі. Такую ж долю, нават сумнейшая, спаткала нашая сумесная імпрэза з Гарадзеншчынай, міжнародны фестываль „Гародня – Беласток“ або „Беласток – Гародня“. Пераменна, раз у Гародні, раз у Беластоку, сустракаліся палякі Гарадзеншчыны з беларусамі Падляшша. Адзін год, гэта быў 2021, мы спрабавалі зрабіць у іншай форме – не запрашалі палякаў з Гарадзеншчыны, а запрашалі палякаў з Падляшша. Калектывы, што рэпрэзентуюць польскую культуру, выступілі на нашым канцэрце. Але надалей не працягвалі, бо формула датычыць супрацы з Гарадзеншчынай.

З госцем Радыё Рацыя размаўляла Ганна Комінч.

Беларускае Радыё Рацыя