“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: мастакамі, дызайнерамі, рамеснікамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Сёння госцяй праекту стала мастачка Святлана Баева.

Я даследую розныя мастацкія тэхнікі і формы выразнасці. Спалучаю класічныя метады (жывапіс, мазаіку, графіку) з сучаснымі кірункамі (такімі як відэа-арт, анімацыя і лічбавыя гіфкі). Мне цікавае ўзаемадзеянне жывапісу і прасторы, спалучэнне традыцыйных форм з лічбавымі тэхналогіямі. А яшчэ я штодня малюю з натуры.

Мае першыя малюнкі я добра памятаю: алоўкам на шпалерах. А пасля того як мне забаранілі, я пачала маляваць цвіком па мэблі. Спачатку там, дзе ніхто не бачыў, а потым вялізны сюжэт для мамы.
Выяўленчае мастацтва было часткай майго жыцця з дзяцінства. Але атрымлівалася ў мяне, на мой жа погляд, кепска. Ды і вучылася я таксама не вельмі добра. Але тата мяне супакойваў, ён казаў: “Я зраблю табе такі кій, каб ты магла збіраць лісце…” Я спужалася і… вырашыла паступіць у Менскую мастацкую вучэльню імя А. К. Глебава, дзе я вывучала жывапіс. У Глебаўцы выкладчыца Клепікава сказала : “[….], я навучу вас маляваць!” І навучыла. Далей была “Муха” — Акадэмія мастацтва імя А. Л. Штыгліца ў Санкт-Пецярбургу. Менавіта ў акадэміі я пазнаёмілася з мазаікай і іншымі манументальнымі тэхнікамі, што да гэтуль адбіваецца на маім творчым падыходзе.

У маёй творчасці ёсць працы, натхнёныя асобамі, чыя творчасць і светапогляд мне блізкія. Напрыклад, я стварыла кліп на песню Піта Паўлава “Зорка халодная, як сталь”, дзе паспрабавала перадаць настрой і сімволіку яго музыкі праз візуальныя вобразы. У Піта напачатку былі нейкія ідэі, але я у той момант задумала новы глабальны праект “Чырвона-блакітнае соўванне”. Я пачала маляваць эскізы, у якія паспрабавала ўплесці нейкія вобразы з песні. І наадварот. У песні з’яўляліся Зоркі, Сонца, Ваўкі, Маякі, Вочы…

У Менску ў мяне была майстэрня, куратары, галерысты, калекцыанеры, выставы, я выкладала малюнак і жывапіс у Глебаўцы. Таму я працавала з буйнымі фарматамі, стварала вялікія жывапісныя палотны і мазаічныя пано. Аднак адсутнасць майстэрні і галерэйнай прасторы прымусіла мяне адаптавацца. Цяпер я засяроджаная на невялікіх фарматах, калажах, лічбавым мастацтве і відэа. Праца з анімацыяй і мультымедыя стала важнай часткай маёй практыкі. Яна дазваляе мне захоўваць выразнасць нават у новых умовах. Тут нечакана я ўсвядоміла, што мне не абавязкова быць прывязанай да палатна, майстэрні, працы. Мастацтва там, дзе я. Я сябе ўсвядоміла еўрапейскім мастаком. За апошні час я даволі шмат падарожнічала, па Польшчы, была на Кіпры, дзе зрабіла мазаічны стрыт-арт. Наведала Партугалію з аўдыё-медыя праектам.

Мне асабліва дарагія мае выставы “Чырвона-блакітнае соўванне” і “Мерыдыян”. У “Чырвона-блакітным соўванні” я даследавала аптычныя і філасофскія аспекты ўспрымання колеру і святла. Праект “Мерыдыян” уключаў у сябе ўзаемадзеянне з архітэктуры, асяроддзем, спалучэнне графікі і мазаікі, а таксама пераасэнсаванне межаў мастацтва ў грамадскай прасторы і архітэктуры. Зараз я планую майстар-клас па мазаіцы і ўдзельнічаю ў сеансах арт-тэрапіі з вядомым польскім мастаком Паўлам Альтхамерам.

Цяпер я засвойваю новыя тэхнікі, спалучаю жывапіс з відэа, ствараю анімацыю і эксперыментую з лічбавымі інструментамі. Для мяне мастацтва — гэта не толькі спосаб самавыяўлення, але і магчымасць даследаваць межы ўспрымання, пераасэнсоўваць традыцыйныя формы ў кантэксце сучаснасці.





Беларускае Радыё Рацыя






