BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Святочны канцэрт беларускага хору песні і танца «Васілёчкі»

Беларускі хор песні і танца «Васілёчкі» 12 кастрычніка адсвяткаваў свой юбілей — 60-годдзе мастацкай дзейнасці. Святочны канцэрт ў Бельскім Доме культуры сабраў сяброў і прыхільнікаў хору, які ўжо дзясяткі гадоў прапагандуе беларускую песню.

Сярод запрошаных гасцей прысутнічаў таксама Сяргей Лукашук, які больш за дваццаць гадоў кіраваў хорам.

– Калі атрымаў запрашэнне на імпрэзу, то падумаў, 60 гадоў, то 23 гады з гэтых 60 я прычыніўся да гэтага. Што яшчэ важна, у 1973 годзе мы надалі назву «Васілёчкі» ад песні, якая называецца «Васілёчкі». Аўтарам гэтай песні з’яўляецца Мікола Куліковіч, а словы напісала Наталля Санева. Песня спадабалася нам, і мы прынялі назву ў сакавіку 1973 года.

Беларускі хор песні і танца «Васілёчкі» за 60 гадоў сваёй дзейнасці даў звыш паўтары тысячы канцэртаў на Падляшшы і па-за межамі рэгіёну. Хор неаднойчы выступаў таксама і ў Беларусі. У Менску пра мастацкую дзейнасць “ Васілёчкаў” запісалі тэлеперадачу. На Падляшшы яны праславіліся ўдзелам ў знакамітым фільме Тамары Саланевіч “ Крэсова балада”.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя