30-годдзе творчай дзейнасці адзначыў калектыў «Лайланд». Святочны канцэрт адбыўся ў сядзібе Беларускага грамадска-культурнага таварыства. У поўнай гледачоў залі знайшліся сталыя прыхільнікі «Лайланда», сярод якіх кіраўнічка Дэпартамента культуры і народнай спадчыны Маршалкоўскай управы Катажына Карыцкая, войт гміны Бельск-Падляшскі Валенты Карыцкі, віцэ-старшыня Падляшскага аддзела таварыства супрацоўніцтва Польша-Усход Агнешка Назарук-Зданучык.
Павіншавалі юбіляраў добра вядомыя на Падляшшы выканаўцы беларускіх песень: калектывы «Чырвоныя шпількі», «Світанак», «Росы», «Сувенір», салісты Аляксандр Петручук, Міраслаў Туроўскі, Люба Гаўрылюк, Аля Каменская, Галіна і Юры Кастэцкія. Сярод іншых выступіла і сямейнае трыа сястёр Астапчук. Дзяўчаты падрыхтавалі тату, кіраўніку «Лайланда», ды іншым музыкам, музычны падарунак і выканалі ў акустычнай версіі некалькі песень з апошняй плыты юбіляраў. Кажа вядучая канцэрту, кіраўнічка «Світанка» Анна Бабік:
– Я вельмі хацела, каб гэты юбілей быў такі цёплы, шчыры і натуральны. Мне хацелася паказаць іх як людзей. Таму я вырашыла зрабіць гэта ў форме інтэрвʼю каб паўспамінаць, каб людзі маглі сказаць проста ад сябе. І ведаеце, выйшла нават лепш чым усе спадзяваліся. Таму што калі мы людзям далі дазвол на гэта то яны пачалі ад сябе, ад сэрца натуральна гаварыць. І мне здаецца, што гэта было вельмі прыемна.
Годам раней калектыў «Лайланд» выпусціў юбілейную плыту з новымі песнямі. Сярод іх – творы на вершы паэтаў Падляшша: Міры Лукшы, Яўгена Вапы, Валянціны Мядзведзь. Міра Лукша ў шэрагу іншых пачэсных гасцей прысутнічала на канцэрце, а Валянціна Мядзведзь ані плыты, ані юбілейнага канцэрту не дачакалася. Кажа журналістка і паэтка Міра Лукша:
– Валя Мядзведзь вельмі вядомая асоба з Радыё Рацыя. Яна заўсёды тэлефанавала і зычыла добрыя словы і шчырыя прывітанні ўсім людзям. Была проста звычайнай прыбіральніцай, працавала на фабрыцы цвікоў, многа вершаў пісала па-беларуску. Я запрапанавала яе верш Лайландам. Я нават заплакала, бо яна не дажыла таго моманту калі ў такім канцэрце прагучаць гэтыя словы.
Паслухаць старыя і новыя песні калектыву «Лайланд» можна ў канцэртах і фэстах, якія ладзіць штогод Беларускае грамадска-культурнага таварыства. Бліжэйшыя канцэрты з удзелам юбіляраў плануюцца 15 чэрвеня ў Крывятычах і 23 чэрвеня ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя