Так называецца выстава, якая адкрылася ў бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі ў Менску. Яна прымеркавана да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – славутага беларускага пісьменніка, паэта, празаіка, публіцыста, драматурга, перакладчыка, сцэнарыста, чалавека неардынарнага, надзеленага рознымі талентамі, сапраўднага сына сваёй Бацькаўшчыны.

На выставе, якая знаёміць з асноўнымі этапамі жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча, дэманструецца вялікая колькасць разнастайных дакументаў з асабістага архіва пісьменніка, дзе амаль кожны з іх уяўляе рарытэт, нясе сваю асабістую аўру, з’яўляецца сведкам творчага працэсу, распавядае пра гісторыю стварэння таго ці іншага твору.
Сярод экспанатаў – аўтографы паэтычных твораў 1950-х гадоў з цікавымі малюнкамі пісьменніка, чарнавікі вершаў 1960-х–1980-х гадоў, раманаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Леаніды не вернуцца да зямлі” (“Нельга забыць”), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, шматлікіх апавяданняў, эсэ, нарысаў.
Асобныя тэматычныя блокі ствараюць уяўленне пра Уладзіміра Караткевіча як пра драматурга і кінасцэнарыста. На выставе можна пазнаёміцца з рукапісамі п’ес “Званы Віцебска”, “Калыска чатырох чараўніц”, “Маці ўрагану”; прадстаўлены рукапіс асновы для лібрэта оперы “Сівая легенда” паводле аднайменнай аповесці.
Кінематаграфічную дзейнасць пісьменніка адлюстроўваюць сцэнарыі мастацкіх фільмаў, фотаздымкі фрагментаў асобных эпізодаў з кінафільмаў, сярод якіх – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Выклікаюць цікавасць дакументы часоў вучобы Уладзіміра Караткевіча ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце, падчас працы настаўнікам у Лесавіцкай і Аршанскай сярэдніх школах, аўтабіяграфія “Дарога, якую прайшоў”, біяграфічныя даведкі.
Сярод выяўленчых дакументаў – рэдкія фотаздымкі з сямейнага альбома Караткевічаў, малюнкі пісьменніка на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твораў, яго самадастатковыя эцюды, падпісаныя “УК”, партрэтныя замалёўкі.
Упершыню на выставе прадстаўлены экслібрысы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні вядомых беларускіх мастакоў, а таксама ганаровыя граматы, віншавальныя адрасы, дакументы аб святкаванні 50-годдзя з дня яго нараджэння.







Беларускае Радыё Рацыя





