BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сынковіцкая царква на паштоўках

Упершыню вёска Сынковічы (Сынкавічы) Зэльвенскага раёна ў гістарычных крыніцах узгадваецца напачатку XVI стагоддзя, калі тут збудавалі абарончы храм-царкву. На думку асобных даследчыкаў, царкву збудавалі на пачатку XV стагоддзя з фундацыі вялікага князя Вітаўта. Таму на сённяшні дзень год заснавання храма святога Арханёла Міхаіла ў Сынковічах лічыцца 1407-ы.

Першыя паштоўкі з выявамі Сынковіцкага храма з’явіліся ў 1930-х гадах. Яны складаліся з фотаздымкаў Яна Булгака (1876-1950) – аднаго з піянераў беларускай і польскай мастацкай фатаграфіі, этнографа і фалькларыста. Пасля быў вялікі перапынак у выданні паштовак з адлюстраванннем Сынковіцкай царквы. І толькі ў 1966 годзе ў Мадрыдзе выйшла з друку калядная паштоўка “Царква ў Сынкавічах”. Аўтаркай і выдаўцом яе была Івонка Сурвіла. Перавыданне гэтай паштоўкі адбылося ў Канадзе ў 2007 годзе.

Пры фінансавай дапамозе зэльвенскага фермера Міхаіла Макея ў 2014 годзе з’явілася адна каляровая паштоўка “Сынковічы”. На ёй адлюстраваны сучасны фасад царквы, ікона “Усецарыца”, капліца і старое фота храма, а таксама адрас, дзе знаходзіцца гэты славуты помнік.

У 2017 годзе да 600-годдзя царквы-крэпасці ў Сынковічах выйшлі з друку дзве новыя паштоўкі з выявамі храма на расейскай мове. 

Два прыгожых наборы паштовак, прысвечаных храму святога Арханёла Міхаіла ў Сынковічах, з’явіліся ў 2009 годзе. Фінансавала выданне паштовак ААТ “Белаграпрамбанк”. На адным з набораў надрукавана мапа, на якой абазначаны пад’езд да царквы вёскі Сынковічы, а таксама рэквізіты храма і восем паштовак.

Зэльвенскі турыстычна-інфармацыйны цэнтр парупіўся некалькі гадоў таму падрыхтаваць і выдаць для турыстаў набор “Запрашаем да мястэчка Зэльва”. Сярод цікавых паштовак мясцін Зэльвеншчыны, надрукавана была і паштоўка Сынковіцкай царквы.

У 2019 годзе ў Беларусі выйшлі дзве арыгінальныя паштоўкі, прысвечаныя храму ў Сынковічах. РУП “Белпошта” і ТАА “Рыфтур” выпусцілі цудоўную паштоўку, на якой адлюстраваны храм з вышыні птушынага палёту. Другую паштоўку падарыла філакартыстам ТАА “Адукацыйны цэнтр “Лекторыум”. У аснову паштоўкі лягла карціна мастачкі Сняжаны Віцецкай “Дарога ў храм”.

Вельмі прыгожую калядную паштоўку выпусціла ў 2023 годзе менскае выдавецта “Тэхналогія”. На фоне зімовага надвячорка здалёк узвышаецца старажытная царква. І на бліжнім плане напісаны тэкст “Са святам Божага нараджэння!”.

Беларускае Радыё Рацыя