1000 – столькі кніг было ўзята для прачытання ў межах бібліятэчнага праекта беларускай кнігі «Чытальня» ў Літве. Праект дзейнічае на базе Цэнтра беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, – распавяла Госця Рацыі, менэджэрка бібліятэкі Таццяна Ігнацьева.

Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль:
РР: Нагадаем, што гэта за праект, як даўно ён існуе, якую мэту перад сабой ставіце.
Таццяна Ігнацьева: Я па-ранейшаму менэджэрка бібліятэкі-чытальні ў Вільні, якая месціцца ў Беларускім доме. Іншая яго назва – Цэнтр беларускай супольнасці і культуры. Знаходзімся мы на Віленскай вуліцы, 20, працуем для вас па серадах, чацвяргах і пятніцах з другой гадзіны да восьмай вечара. І па выходных з дзясятай раніцы да восьмай вечара. На сённяшні дзень чытальня функцыянуе ў новым, так бы мовіць, выглядзе пад назвай “Чытальня” ужо другі год. Магчыма памятаеце, што мы атрымалі гэтую назву на пачатку 2024 года, калі беларусы Вільні прагаласавалі за такую назву.
На сённяшні дзень у “Чытальні” значна павялічыўся кнігазбор. Калі напачатку мінулага года мы мелі блізу 1300 кніг у каталозе, які дарэчы знаходзіцца ў анлайн па спасылцы cytalnia.com. То на сённяшні дзень мы маем ужо зарэгістраваных 2500 асобнікаў кніг. І яшчэ адна падзея здарылася літаральна нядаўна, два тыдні таму, яна вельмі сімвалічная, і мае калегі былі вельмі ўсцешаны, што менавіта ў Дзень роднай мовы, 21 лютага, да нас завітала чытачка, якая ўзяла тысячную кнігу ў нашай бібліятэцы. То бок яна атрымала тысячны асобнік на рукі і мы пра гэта нават зрабілі публікацыю ў нашых сацсетках, гэтая чытачка даволі вядомая рэцэнзентка, яна вядзе інстаграм, які называецца «Кніжныя размовы», і даволі частка згадвае “Чытальню” як крыніцу кніг, якія ёй даводзіцца чытаць і пра якія яна распавядае.
РР: Сярэднестатыстычныя вашыя наведнікі – ці толькі беларусы гэта?
Таццяна Ігнацьева: Насамрэч “Чытальня” карыстаецца попытам найперш у беларусаў Вільні, і перыядычна да нас даязджаюць з іншых гарадоў. Гэта беларусы самых розных узростаў. Даволі шмат у нас чытачоў дзетак, бо ў Беларускім доме таксама месціцца беларуская школка і штотыдзень, па суботах і нядзелях, у нас ёсць заняткі, бацькі прыходзяць з дзеткамі, таму вельмі актыўна бяруць дзіцячыя кнігі. Асартымент у нас ад самага малодшага ўзросту і да падлеткавага. Гэта вельмі нас цешыць, бо фармуецца новае беларускамоўнае пакаленне.
Але і дарослая аўдыторыя таксама актыўная. Людзей цікавіць і сучасная літаратура, якой даволі шмат, дзякуючы праектам ад «Новай Беларусі» «Будуй сваё», за кошт сродкаў, сабраных беларусамі, мы набылі блізу 300 кніг і такім чынам падтрымалі беларускіх выдаўцоў, збольшага якія працуюць цяпер за мяжой, але даволі шмат кніг нам перадавалі і з Беларусі. Мы падтрымлівалі такім чынам і людзей у Беларусі, якія займаюцца кніжнай справай. І сучасныя, і класічныя аўтары ў нас у попыце, а таксама гісторыя і публіцыстыка.
Цалкам размова:
Замовіць кнігу можна праз сайт https://cytalnia.com. Каб забраніраваць кнігу, трэба спачатку зарэгістравацца ў сістэме.
Беларускае Радыё Рацыя






