На Падляшша і ў Беларусі ідзе Радунічны тыдзень, калі адзначаецца Радаўніца — дзень памінання памерлых, калі, як кажуць, “па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць”. Гэта глыбока сімвалічны момант у народнай традыцыі, калі сум і святло памяці пра продкаў пераплятаюцца.
У гэтыя дні ў Беластоку, у Chill Time Club, працуе выстава “Радуніца”, прысвечаная менавіта традыцыям ушанавання памяці продкаў у Беларусі і на Падляшшы. Экспазіцыя аб’яднала рэдкія фатаграфіі з прыватных калекцый, архіўныя матэрыялы Цэнтра беларускай культуры і мастацкія працы, прысвечаныя філасофіі смерці, вачыма мастачкі з Гародні Таццяны Калач.
З ёй пагаварыла наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пра выставу, пра сімволіку смерці ў беларускім мастацтве і пра тое, як гэтыя вобразна-культурныя коды яднаюць Беларусь і Падляшша.

РР: Распачаўся шэраг мерапрыемстваў ці можна сказаць, што гэта фестываль, дарэчы?
Таццяна Калач: Не магу сказаць, што гэта фестываль, а магу сказаць, што гэта асобны праект. Фестываль гэта крышачку іншае. Але тым не менш выставачны праект, падчас якога будуць адбывацца розныя мерапрыемствы. У нас уключаны лекцыі, майстар-класы, была ўжо экскурсія нават. Цягам бліжэйшага месяца вы можаце назіраць не толькі фотавыставу, дарэчы, у нас цэлых дзве выставы адкрылася.
У нас адкрылася фотавыстава, прысвечаная смяротнай абрадавасці Палесся і Падляшша і пры гэтым адкрылася графічная выстава мастачкі Таццяны Калач, а таксама яна выставіла працы, прысвечаныя яе перажыванням наконт смяротнай абрадавасці.
РР: У вас ужо былі першыя наведвальнікі, беларусы, таксама заходзілі палякі на выставу. Вашыя адчуванні, ці ёсць ужо кантакт з гледачом гэтай выставы?
Таццяна Калач: Першы кантакт адбыўся, гэта безумоўна. Мяне зацікавіла адна глядачка, якая прыйшла на экскурсію, менавіта на могілкі. Яна сказала, што цікавіцца гэтай тэмай, таму што ў яе родзічы таксама беларусы. Яна ўжо даўно жыве ў Польшчы, але, як вызначаецца, даволі шмат сярод палякаў людзей з беларускімі каранямі. І ім гэта не проста цікава, яны хочуць ведаць асаблівасці, з якімі яны ніколі не сутыкаліся.
Вось, дарэчы, на нашу рэкламу, мы выкладалі яе ў Цік-току, адзін глядач напісаў «дзякуй за тое, што вы гэта асвячае, таму што я нават не ведаў, што тут штосьці такое адбываецца». Таму, калі вы таксама не ведалі, мы вас запрашаем цягам месяца, калі ласка, глядзіце праграму мерапремстваў, таму што яны расцягнутыя на розныя дні, вельмі шмат розных цікавостак вас чакае.
РР: Што ў вас запланавана, куды варта зазірнуць, каб нешта зрабіць рукамі, падумаць, паслухаць?
Таццяна Калач: Самае бліжэйшае – у нас будзе лекцыя, якую правяду непасрэдна я. Яна адбудзецца 8 траўня ў 18.00. Вы можаце даведацца пра смяротныя прыкметы і цікавосткі, чаму людзі, беларусы ці палякі, вераць у такія прыкметы, нават дагэтуль вераць. Калі я сама цікавілася, адкуль «растуць ногі» ў гэтых прыкметаў, не знаходзіла ў сваіх родных нейкіх адказаў. Вось мая матуля, яна лічыць, што абавязкова трэба пасля могілак памыць рукі, абутак. І для мяне гэта было цікава, і я пыталася ў маці, чаму так. Яна адказвала, што не ведае. Бо бацькі так рабілі і так кажуць, што трэба. І толькі значна пазней я даведалася, чаму менавіта так робіцца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:















Беларускае Радыё Рацыя