Танцавальны калектыў з Беластока «Падляшскі вянок» распачынае юбілейны дзясяты сезон. Гурт дзейнічае пры Аб’яднанні ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову АБ-БА. У рэпертуары калектыву ў асноўным беларускія ды польскія танцы. А на сённяшні канцэрт яны падрыхтавалі для гасцей – сюрпрыз.
Пра свой калектыў нам раскажа наш госць – харэограф Аксана Прус.
РР: Сёння ў вас ужо адбудзецца юбілейны канцэрт, 10-годдзе вашага калектыву. Раскажыце, калі ласка, гісторыю ўзнікнення, як у вас узнікла ідэя, як ён з’явіўся.
— Сёння мы будзем адкрываць дзясяты юбілейны сезон нашага танцавальнага калектыву. З’явіўся ён 9 гадоў таму, і мы як бы святкуем не 10-годдзе, а пачатак нашага юбілейнага сезону, бо артысты такія людзі — яны могуць святкаваць або напачатку сезону, або ў канцы. І менавіта таму, што нашыя старэйшыя ўдзельнікі выязджаюць на студыі, якраз ад кастрычніка, то мы вырашылі, што мы зробім гэтае свята, вельмі важнае для нас, на пачатку сезону. Не пры закрыцці, як у чэрвені мы звычайна закрываем, а на пачатку юбілейнага сезону. Зарадзіліся мы трэцяга кастрычніка 2015 году.
Чыя была ініцыятыва? Ну думаю, што ініцыятыва з боку аб’яднання АБ-БА. У той момант, у аб’яднанні працавалі старшынёй пані Кацярына Паўлоўская, пані Барбара Пякарская, пані Аліна Ваўранюк, якая выкладала беларускую мову. Яны даўно шукалі харэографа сабе, а я ўжо год як знаходзілася ў Польшчы. І вось праз вельмі знакамітую асобу, якая працуе на Радыё Рацыя, праз Галіну Бедэнічук, якая калісьці вучылася ў Гародні, у каледжы мастацтваў, я так і прыйшла да АБ-БА, менавіта праз Галіну. І каб не яна, я можа б і не дайшла да АБ-БА.
Мяне прывіталі, я сказала, што хачу арганізаваць танцавальны калектыў. На пачатку ўсе паглядзелі на мяне: а, ну там добра, дадатковыя заняткі — ніхто там не думаў, што мы вырасцем у такі вялікі калектыў. Хаця я гэта ведала, бо я такі чалавек — калі я штосьці ўзяла, то я павінная з гэтага штосьці вырасціць. Не проста так узяла, прыйшла, пабыла сабе, пайшла. Мне здаецца, гэта такая закалка з Беларусі: ёсць праца — павінен быць вынік. Няма выніку — прыйшоў наступны. Так што вось так я была навучаная, і так наставілася.
Ну і вось, з Падляшскага вяночку, мы спачатку думалі, што гэта будзе вяночак, маленькія дзеткі, вырас сапраўды прыемны, паважны і ўжо дарослы Падляшскі вянок. Хаця 10 гадоў — гэта такі яшчэ дзіцячы ўзрост для калектыва. Для чалавека гэта, вядома, усё па-іншаму глядзіцца. А для калектыва такі нібы дзіцячы ўзрост. Але і ў гэтым веку ўжо калектыў зрабіў шмат.
РР: Што вы падрыхтавалі на сёння?
— Такі сюрпрыз. Яго яшчэ ніхто не бачыў. У нас адбудзецца прэм’ера. У сувязі з тым, што Падляшша – гэта шматнацыянальны рэгіён, то мы плануем паказаць такую вішанку на торце – падрыхтавалі вялікую, 12-ці мінутную, шматнацыянальную сюіту «Суквецце». Паспрабуем паказаць адзінства нацый на Падляшшы. А таксама трохі закранем і краіны, у якіх мы былі.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Вялікі канцэрт калектыва «Падляшскі вянок» адбудзецца сёння ў Беластоку ў залі імя Корчака пры вуліцы Сверковай 20. Пачатак а 17:30.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя