Працягваем расказваць пра паходжанне назваў гарадоў цяперашняй Гарадзенскай вобласці. У мінулых выпусках гаварылася пра Астравец, Ваўкавыск, Вялікую Бераставіцу, Масты, Наваградак і Слонім.
Ад “ваўка” да “шчупака”. Тапаніміка Гарадзеншчыны
Тапаніміка Гарадзеншчыны: Масты, Наваградак і Слонім
З назвамі іншых раённых цэнтраў Гарадзеншчыны паводле сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу больш праблемна і заблытана. Паспрабуем разабрацца па парадку і выкласці далей асноўныя версіі і тлумачэнні.
Ашмяны. Мясцовыя жыхары дагэтуль ужываюць гэтую назву не ў множным, а ў адзіночным ліку як назоўнік жаночага роду – Ашмяна. Не давяраць народнай традыцыі няма ніякіх падставаў. Менавіта так называлі гэты горад і старэйшыя беларускія эмігранты, прыкладам Антон Шукелойць, які паходзіў з маёнтку Якелеўшчына, што на Ашмяншчыне. Што датычыць значання тапоніма, то тут куды складаней. Відавочна, што аналагічнае паходжанне назвы з Ашмяной мае вёска Акмянеі, што непадалёк райцэнтру.

фота аўтара
Упершыню Ашмяны згадваюцца пад 1341 годам як замак вялікіх князёў ВКЛ. Мяркуеццка, што статус горада Ашмянам надаў вялікі князь Вітаўт. У старажытных дакументах назва фігуруе як Ошмяна і Ошмена. Найбольш імаверна, што назву паселішча пераняло ад мясцовай ракі Ашмена, якая з часам стала называцца Ашмянкай, а паселішча – Ашмянамі (пад уплывам характэрных для Беларусі множналікавых найменняў). Назва Ошмяна – балцкага паходжання, яе дакладны сэнс дагэтуль не вызначаны. Па адной з версій яна звязана з сучасным літоўскім словам «akmuo» («камень»). На тэрыторыі сучаснай Літвы ёсць таксама рака Ошмяна і прозвішча Ашмена, Ашменас.

Ашмяны, фота аўтара
Воранава. Мясцовыя краязнаўцы, у прыватнасці географ Віталь Куплевіч, даводзяць, што правільна вымаўляць гэты назоў трэба як Варанова. Між тым раней мясцовасць называлася Блотна ці па-беларуску Балотна ад ракі Балатнянка. Ведамая яна паводле пісьмовых крыніц з 16 ст.

У пачатку 1720-ых гадоў мястэчка перайшло да лідскага старосты Яна Сцыпіёна дэль Кампа, які падараваў Балотну свайму сыну Іосіфу і яго жонцы Вярэне Фірлей з роду Данбровіц. Неўзабаве ў гонар Вярэны Фірлей мястэчка пачало называцца Веранова. Пазней гэтая назва транскрыбавалася ў Варанова. Гэтая версія падаецца найбольш праўдзівай. Існуе, аднак, і іншая. Нібыта мястэчка атрымала назву ад прозвішча графа Воранава.
Іўе. Тапаніміст Вадзім Жучкевічсцвярджаў, штогэтая назваславянскага паходжання, ад назвы дрэва “ива”. Версія гэта зусім малаверагодная, хоць бы таму, што гэтае дрэва па беларуску называецца вярба. Тым не менш польскі гісторык Генрык Лаўмяньскі у сваёй манаграфіі “Даследаванне гісторыі Вялікага княства Літоўскага” адзначае, што тэрыторыю Івейшчыны ў старажытныя часы насялялі менавіта славяне, а балцкая каланізацыя племянной эпохі не дасягнула земляў, дзе стаіць Іўе.

фота аўтара
У 3-ім томе “Живописной России” Пётр Сямёнаў сцвярджае, што першасна Іўе называлася Еўе і было заснавана жонкаю князя ВКЛ Гедыміна Еваю. Яно ўходзіла ў Троцкі павет і славілася сваёй друкарняй. Аднак у нашы дні ўжо даказана, што тагачаснае Еўе, дзе была друкарня, зназодзілася зусім у іншым месцы, на тэрыторыі сучаснай Летувы. У гістарычных дакумантах 17 ст. мястэчка называецца Іўе, а ў некаторых крыніцах згадваецца як Івь. Найбольш праўдападобнай ёсць версія якая сцвярджае татарскае паходжанне гэтай назвы. Па татарску “іва” азначала хата. Гістарычныя факты сведчаць, што зямля гэтая некалі была адданая Вітаўтам для засялення татарамі. Магчыма, там яны і збудавалі сваю першую іву (хату). Татары, як ведама, дагэтуль жывуць у Іўі і займаюцца агародніцтвам. У Іўі дзеіць і адзін з нешматлікіх і сама вялікі ў Беларусі мячэт.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя
(працяг будзе)