Працягваем расказваць пра паходжанне назваў гарадоў цяперашняй Гарадзенскай вобласці. Зараз пра назвы чарговых трох раённых цэнтраў.
Масты. Ніякіх загадак гэтая назва не ўтрымвае. Больш важна звярнуць тут увагу на тое, што першыя гістарычныя Масты – гэта сённяшнія Правыя Масты. Яны ведамы з 16 стагоддзя як правабярэжнае паселішча на правым беразе Нёмана. У пісьмовых крыніцах яно згадваецца пад 1551 годам як мястэчка Гарадзенскай эканоміі. У сярэдзіне 16 стагоддзя тут быў драўляны мост, пабудаваны па загадзе Боны Сфорцы, пазьней зроблены паром, была прыстань. Граматамі каралёў 1601, 1633, 1653, 1677 гг. Правыя Масты атрымалі некаторыя прывілеі паводле Магдэбургскага права.

А сённяшні горад Масты паўстаў значна пазней. І апраўдвае сваю назву хоць бы тым, што менавіта ў ім ёсць адзіны ў нашай краіны пешаходны падвясны мост – праз раку Нёман. Гэта сапраўдная атракцыя для кожнага турыста. Праўда, якраз зараз адбываецца маштабная рэканструкцыя гэтага мосту.
Навагрудак. Відавочна просты і спольшчаны варыянт. Арганічна і правільна называць славутую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага па-беларуску як Наваградак ці Навагародак. Варыянт Наваградак ужо шырака ўкаранёны ў сучасных беларускамоўных асяродках. Так што тут не трэба вынаходзіць ровар, а паслядоўна кшталтаваць беларускі варыянт, спакваля рыхтуючы грамадскасць да афіцыйнага перанаймення. Тут варта звярнуць увагу, як слушна зазначае даследнік Васіль Шур на той факт, што калі б назвы захоўвалі лексічнае значанне, то часам іх былы сэнс не толькі не адпавядаў бы рэальнасці, а меў бы процілеглае значанне. Наваградак, што значыць “новы гарадок” тут якраз найбольш яскравы прыклад. Калі б улічвалася лексічнае значанне дзвюх асноваў, якія ўтвараюць гэтае складанае найменне, то сэнс быў бы адваротны, бо Наваградак адзін з сама старажытных беларускіх гарадоў.

Вышэйсказанае ў значнай ступені датычыць і куды менш старых і меншых паселішчаў. Такіх як Навасёлкі (сустракаюцца у кожным раёне), Навадворцы (Ашмянскі р-н), Навадзель (Гарадзенскі р-н), Навадрожкі (Астравецкі р-н), Наваельня (Дзятлаўскі р-н), Навалессе (Астравецкі р-н), Наваполе (Ашмянскі р-н), Наваполле (Воранаўскі іСмаргонскі р-ны), Навапрудцы (увайшлі ў горад Ліда), Навасада (Астравецкі р-н), Навасадава (Ашмянскі р-н), Навасады (ажно 13 вёсак у 9 розных раёнах), Наваселле (Астравецкі р-н)і т. п.
Слонім. Ажно да 14 стагоддзя назва гораду ў пісьмовых дакумантах фігуравала як Услонім, Вслонім, Васлонім. Дык ці быў гэты горад радзімай беларускіх сланоў? У свой час выказваліся меркаванні, што горад названы так, бо тут знаходзілі багата слановых (мамантавых) костак. Выводзілі назву таксама ад польскіх словаў sloma (салома) ці slonina (сала), спасылаючыся на саламяныя стрэхі старых будынкаў гораду ці шырокі гандаль салам. Гэтыя версіі падаюцца абсалютна штучнымі і прыцягнутымі за вушы. Іх аўтары не ўлічвалі старажытную форму, а дапасоўвалі свае варыянты да сучаснага гучання назвы. Больш праўдападобнымі падаюцца наступныя дзве версіі.

Гісторык Васіль Мялешка у брашуры “Слоним” прапанаваў версію, што гэта чыста балцкая назва і паходзіць ад словаў “slenis”, “slenumas” – нізіна, нізінны. А краязнавец Васіль Супрун яшчэ ў 1960-ым годзе выказаў думку, якая дамінуе ў тлумачэннях сёння. Паводле яе назва “Услонім” паходзіць ад слова “услон”, “услона” – заслона, пэўнае збудаванне, умацаванне, якое засланяе.

Будынак былой слонімскай аўстэрыі
У старажытныя часы рака Шчара была важнай воднай магістраллю, якая злучала Палессе з Панямоннем. На яе берагах і шматлікіх прытоках было нямала паселішчаў, якія выкарыстоўвалі гэтую водную артэрыю як найбольш зручны шлях для кантактаў з бліжнімі і аддаленымі суседзямі. Праз валоданне і пэўны кантроль над гэтым шляхам можна было не толькі мець сувязь з вялікай тэрыторыяй, але і ўплываць на яе жыхароў. А ў раннім сярэднявеччы такі кантроль стаў жыццёва патрэбны і з мэтай папярэджання варожых пагрозаў як з поўдню, так і з поўначы. Верагодна, што з мэтай калектыўнай абароны тут, абапал рэчышча Шчары былі збудаваныя два ўмацаваныя гарадзішчы, сляды якіх былі зафіксаваныя побач з сучасным пляцам Льва Сапегі і на месцы былога палацавага комплексу Міхала Казіміра Агінскага. Магчыма, гэта і быў той “услон”, пад ахову якога цягнуліся ўсё новыя і новыя жыхары наваколля.
Кропкі ў тапаніміцы канчаткова расставіць цяжка.
(працяг будзе)
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя