BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тапаніміка Гарадзеншчыны: Зэльва, Карэлічы і Ліда

Працягваем расказваць пра паходжанне назваў гарадоў цяперашняй Гарадзенскай вобласці. У мінулых выпусках гаварылася пра Астравец, Ваўкавыск, Вялікую Бераставіцу, Масты, Наваградак, Слонім, Ашмяны, Воранава, Іўе.

Ад “ваўка” да “шчупака”. Тапаніміка Гарадзеншчыны

Тапаніміка Гарадзеншчыны: Масты, Наваградак і Слонім

Тапаніміка Гарадзеншчыны: Ашмяны, Іўе і Воранава

У чарговым артыкуле пра Зэльву, Карэлічы і Ліду.

Зэльва. Назва паходзіць ад імя ракі Зяльвянкі, на якой і размешчана паселішча. У Іпацьеўскім летапісе рака названа Зелевя («по Зелеви»), у крыніцах 16 стагоддзя – ЗельваЗельвея, пазней пачала ўжывацца цяперашняя форма назвы Зяльвянка. Гэтая назва балцка-яцвяжскага паходжання, звязаная з сённяшнім літоўскім žalvas – «зеленаваты» (адсюль і знакаміты «Жальгірыс» («Зялёны лес», ён жа Грунвальд).

Такую версію даводзіў яшчэ навуковец Казімір Буга (1879-1924), адзін з вядомейшых даследнікаў сучаснай літоўскай мовы. Такім чынам тлумачацца і гідронімы Zelva, Zelvė, Želva, Želvis у Літве. Першыя прыточаныя назвы – возера і рака каля Еўя, узніклі пад уплывам яцвягаў, бо ў яцвяжскай мове, як і ў іншай заходнебалцкай мове — прускай, быў пераход ž > z. Яцвяжскае гучанне назвы аднаўляецца як Zelvō (Зелво). Назву Зэльвы ставяць у адзін шэраг з такімі гідронімамі на левабярэжжы Нёмана, як Zeita (назва возера, што дала назву ракі Zietela, ад якой праз некалькі этапаў трансфармацыі ўзнікла назва мястэчка Дзятлава і Свіцязь (мясцовыя літоўскамоўныя аўтахтоны ўжывалі назву Svitožis). Па-літоўску (па-ўсходнебалцку) гэтыя тры назвы мелі б карані Želv-, Žiet-, Švit- (заходнебалцкім мовам таксама быў уласцівы пераход š > s).

Назва Зэльвы з’яўляецца гідранімічнай спадчынай яцвягаў, у якую, апроч згаданых водных назваў, улучаюць таксама назвы рэк Ясельда, Грыўда, Саколда, Голда, Нёўда, Сёгда, у якіх другі складнік паходзіць ад яцвяжскага udā «вада, рака».

На думку многіх іншых даследнікаў тапонім Зэльва мае вугра-фінскія карані.

Сённяшняя Зэльва

Трэба зацеміць, што сучаснае напісанне і вымаўленне не зусім арганічныя беларускай мове, у якой на пісьме не сустракаецца спалучэнне “зэл”. Напісанне і вымаўленне праз “е” куды больш натуральнае для нашай мовы, хоць і супадае ў даным разе з расейскім варыянтам – Зельва. Прыгадайма тут аналагічныя спалучэнні літар у іншых словах: “зеляніна”, зелле”. Цяперашні назоў ракі менавіта Зяльвянка, а не Зальвянка! Таму тут таксама нельга быць адназначным.

Карэлічы. Першая згадка пра гэты сённяшні райцэнтр не такая ранняя – 1395 год, калі на мясцовасць напалі крыжакі. Назва паходзіць ад першапасяленцаў – карэлічаў. Паходжанне наймення гэтага этнасу ўзыходзіць каранямі да “падданых Карэлы”. Існуе меркаванне, што Карэлам у тыя старадаўнія часы называлі галоўнага прадстаўніка народа, які жыў там і быў выхадцам з гэтых земляў. Пакуль даводзіцца канстатаваць, што тапонім Карэлічы зусім мала даследаваны.

Ліда. Ужо досыць шырака пашырана легенда версія паходжання назвы ад імені Лідзейка. Версія па ўсёй верагоднасці не мае гістарычных падставаў. Магчыма назва паходзіць ад ракі. Назва Ліда ад назвы ракі Ліда (Лідзея), якая балцкага паходжання. У асяроддзі літоўскамоўных аўтахтонаў і тапонім, і гідронім засведчаны ў форме Lydà. Гідранімічны корань lyd- звязаны з балцкім laidasм – «слізкі, клейкі, гладкі». Назвы такога тыпу — архаічныя, яны характарызавалі паверхню рачнога дна (магчыма, і паверхню берагоў). Калі пагадзіцца з гэтай версіяй, то значэнне назвы ракі Ліда можна перадаць як «Гладкая».

Але ёсць і іншая версія. Слова ліда азначае тое сама, што і ляда – дзялянка ворнай зямлі на месцы высечанага лесу. Аналагічна слова гучыць і ў суседніх балцкіх мовах – lydamis(летувіская), lidums (латышская) – высечанае альбо выпаленае месца ў лесе, прасека. Таго ж сама паходжання і назва паселішча Лядск (цяперашні Шчучынскі р-н). А вось вёскі з назвай Ляды, пра якую спявае ў сваёй жартоўнай песні “Шчучыншчына” Алена Жалудок, насамрэч няма ні ў Шчучынскім раёне, ні ва ўсёй Гарадзенскай вобласці.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя

(працяг будзе)