У цэнтры сталіцы Грузіі Тбілісі адбыўся вялікі «Масленічны кірмаш» у беларускай прасторы «Кропка».

Пад час кірмашу можна было набыць прыгожыя завушніцы ды пярсцёнкі, пакаштаваць блінцы і файную каву, набыць нацыянальную сімволіку і паўдзельнічаць у розных майстар-класах.

Пра кірмаш распавядае Сяргей, які прадстаўляў ініцыятыву Ko.panka:
— У нас майкі, паштоўкі, стыкер пакі, значкі, постары. Вось і ўсё. Самі гэта робім, і друкуем гэта самі, маем невялікі станок. І малюем самі.
РР: Ці купляюць людзі на кірмашы?
— Купляюць, так. Пару майкаў купілі, стыкер пак, троху паштовак. Троху таго, троху сяго.

Іншы ўдзельнік, Аляксей, прадстаўляў на кірмашы альтэрнатыўныя спосабы прыгатавання кавы:
— Я зрабіў аэрапрэс, гэта такі спосаб прыгатавання кавы. Для мяне галоўная мэта была паказаць людзям, што кава бывае смачная, без цукру і без салодкіх інгрэдыентаў. Таксама я дома падрыхтаваў французскі гарачы шакалад.
На кірмашы былі прадстаўленыя таксама беларускія майстры з іншых рэгіёнаў Грузіі. Напрыклад, свае ўпрыгожванні майстар Анастасія прывезла з невялічкага курортнага горада Чакві, а крамка нацыянальнай сімволікі з Батумі прывезла вялікі выбар бранзалетаў ды значкоў.


Беларускае Радыё Рацыя