BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэатральная студыя «Купалінка» прэзентуе спектакль «Заяц варыць піва»

Тэатральная студыя «Купалінка» прэзентуе спектакль «Заяц варыць піва» паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Імпрэза на беларускай мове, але з польскімі субтытрамі прымеркаваная да Міжнароднага дня тэатру.

Пра падзею сённяшняя Госця Рацыі – рэжысёрка і кіраўніца студыі “Купалінка” Наталля Локіць – распавяла нашаму радыё.

РР: Рыхтуеце пастаноўку. Чым яна будзе цікавая і адметная?

Так, дарослы склад «Купалінкі», група «Агмень», падрыхтавала камедыю «Заяц варыць піва». Адметная яна тым, што камедыя створаная паводле твораў Караткевіча. П’еса нашага ўлюбёнага Сяргея Кавалёва, ну і, безумоўна, нашага ўлюбёнага Караткевіча, усёй нашай «Купалінкі». І падрыхтаваная яна якраз да Міжнароднага дня тэатру. І вось 30-га чакаем нашых гледачоў у Музеі Вольнай Беларусі а 17-й гадзіне — прыйсці і пасмяяцца з намі, паразважаць. Можа нават задаць нейкія пытанні, можна паспрачацца. І яшчэ ў нас будзе адзін такі цікавы бонус: усім, хто прыйдзе да нас, мы падарамо кубачак цёплай гарбаты.

РР: Чаму не піва?

А, вось чаму не піва? Пра гэта вы даведаецеся акурат на спектаклі. Як вы заўважылі, мы зараз рэкламуем наш спектакль. Адно з пытанняў — а пры чым тут заяц? Пры чым тут заяц і чаму не піва? Гэта два пытанні, на якія трэба будзе знайсці адказ, калі вы паглядзіце наш спектакль.

РР: Чаму вы змеркавалі ставіць менавіта гэты твор?

Па-першае, увесь 2024 год у нас быў прысвечаны творчасці Уладзіміра Караткевіча. Калі мы праводзілі летнікі, яны былі тэматычнымі ў плане твораў Караткевіча. Мы паставілі казку Караткевіча, запісалі аўдыёказкі, чыталі яго творы ў розных групах, розным дзецям. Караткевіч уплываў і на дарослую групу таксама. Тым больш, што і п’еса зноў жа нашага ўлюбёнага Сяргея Кавалёва — ну як мы маглі прайсці міма? Яна выдатна клалася на той склад, які існуе ў групе «Агмень» — старэйшай групе студыі «Купалінка». Таму вось такі выбар.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра саму групу «Агмень». Колькі чалавек займаецца? Бо «Купалінка» вядомая не толькі як ініцыятыва, дзе раскрываюцца дарослыя таленты, але і як пляцоўка для моладзі. Магчыма, тут таксама адбываецца нейкі сімбіёз, супраца?

Амаль што. Добра, я раскажу пра групу «Агмень». Трэба сказаць, што гэта дарослыя ўжо людзі — ад 19 гадоў і вышэй. Людзі розных прафесій, з рознай адукацыяй, але тыя, хто хоча тварыць, хто хоча працаваць разам. Група, у тым складзе, які ёсць цяпер, існуе ўжо тры гады. Да гэтага мы ставілі пастаноўку па Някляеву «Навальніцы» — вось з гэтай групай. І зараз узяліся за камедыю. Мы вельмі хацелі паставіць з гэтай групай камедыю, таму што цяпер, відаць, прыйшоў час не толькі разважаць, не толькі перажываць тыя падзеі, што былі калісьці, але і, пэўна, смяяцца з іх.

Група «Агмень» — гэта людзі, якія кантактуюць разам, адукоўваюцца, а потым ствараюць вельмі якасны прадукт. Але ў нас ёсць адна асаблівасць — мы не можам паказаць няякасны прадукт, таму што зараз працуем на імя «Купалінкі». Гэта пацвердзяць нашы гледачы — мы заўсёды выдаём вельмі якасны прадукт.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Убачыць прэм’еру можна будзе 30 сакавіка ў Музеі Вольнай Беларусі.

З рэжысёркай Наталля Локіць гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя