Беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі, міжнародная экспертная супольнасць спрабуе спрагназаваць крокі Крамля пасля тэракту пад Масквой, польска-беларускую мяжу працягваюць атакаваць мігранты з Азіі, а ў самой Беларусі трываюць затрыманні і суды.

Віншую суайчыннікаў з Днём Волі! Для нас беларусаў падзеі 1918 году, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, – гэта ўсё яшчэ актуальнасць, а не дата сівой даўніны.
Хоць мы фармальна маем сваю суверэнную дзяржаву, дэ-факта яна акупаваная ўнутранымі калабарантамі з вонкавай варожай сілай, якая засядае ў расейскім Крамлі.
Ужо чацверты год у Беларусі святкаванне не магчымае праз татальны тэрор рэжыму Лукашэнкі, але ўражвае геаграфія адзначэння Дня Волі – практычна ва ўсіх частках свету.
Нечаканы ракурс атрымаў маштабны тэракт у канцэртнай залі «Крокус», што недалёка ад сталіцы Расеі Масквы. Больш за сто расстраляных наведнікаў музычнага канцэрту на пачатку шмат хто прыпісваў дзейнасці расейскіх спецслужбаў. Крэмль у сваю чаргу паспрабаваў прыпісаць масавае злачынства Украіне.
Але адказнасць за тэракт узяло на сябе афганскае аддзяленне міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава», філіял завецца «Вілаят Хорасан».
У выніку паспяховасць тэрарыстаў тлумачыцца слабой падрыхтоўкай расейскіх спецслужбаў, а не наўмыснай халатнасцю, як меркавалася шмат кім на самым пачатку.
Першыя «сілавікі» прыбылі да «Крокусу» праз 15 хвілінаў пасля першага стрэлу, але ніхто тэрарыстам не перашкодзіў завершыць пачатую крывавую справу.
Але галоўная навіна ў тым, што цяпер супраць Расеі адкрыты новы фронт барацьбы. Палітычныя аглядальнікі тлумачаць, што разам з Іранам Расея чыніць перашкоды для дзейнасці «Вілаят Хорасан». Мэтай арганізацыі ёсць стварэнне халіфату ў рэгіёне Хорасан, які знаходзіцца на памежжы Ірану і Афганістану.
ЗША на пачатку сакавіка папярэдзіла, што ў Маскве рыхтуецца тэракт, магчыма з боку ісламскіх тэрарыстаў.
Цяпер важна зразумець як Пуцін скарыстаецца з сітуацыі. Калі выйдзе на новы віток рэпрэсій пад прыкрыццём неабходнасці падвысіць бяспеку, то падобнага варта чакаць і ў Беларусі.
У кожным разе ў генеральным штабе Збройных Сілаў Украіны пакуль могуць троху выдыхнуць. Бо новая пагроза для Расеі адцягвае рэсурсы ад націску на Украіну.
Словам «шал» акрэслівае сітуацыю на польска-беларускай мяжы сацыёлаг Генадзь Коршунаў: «На гэтым тыдні колькасць спроб нелегальна перасекчы мяжу ўжо ўзяла планку больш за 200 чалавек на дзень (панядзелак – 120, аўторак – 122, серада – 201, чацвер – 298). На мінулым тыдні ў сярэднім за дзень такіх кейсаў было каля ста. Пры гэтым напруга на мяжы што з Літвой, што з Латвіяй пакуль застаецца прыкладна на ўзроўні мінулага тыдню».
І з беларускага боку, і з Літвы, Латвіі і Польшчы ўжо даўно ўспрымаюць штучна створаны мігранцкі крызіс як руціннае зло, на якое мала хто звяртае ўвагу.
Насамрэч, мы назіраем толькі прытарможаную небяспеку. Ніхто не дасць гарантыі, што заўтра на тэрыторыю Еўразвязу з лукашэнкаўскай Беларусі не будуць прабівацца баевікі, напрыклад, «Ісламскай Дзяржавы».
На мінулым тыдні 19 сакавіка пачаўся суд над трыма ўдзельнікамі гурту «Nizkiz». Музыканты добра вядомыя аматарам беларускай рок-поп сцэны. Адзін з хітоў гурту пад назвай «Правілы» зняты знутры маршаў 2020 году.
Таксама 19 сакавіка на тры гады калоніі асуджаны журналіст Ігар Карней.
Падтрымліваем суайчыннікаў у нядолі, дзе б яны не былі! Жыве беларуская салідарнасць! З Днём Волі, жыве Беларусь!






