Пра масавае блакаванне акаўнтаў расейскага прапагандысцкага медыя Sputnik у сацсетцы “ТікТок” паведамляе тэлеграм-канал тэлеканала Russia Today (RT).

Сцвярджаецца, што акаўнты медыя, якое ўваходзіць у холдынг “Расія сёння”, выдалены “без тлумачэння прычын”.
Блакаванне, як заяўляецца, зазналі 11 старонак Sputnik далёкага замежжа і 26 — блізкага, у прыватнасці “Sputnik Беларусь”.
Sputnik пазіцыянуе сябе як інфармацыйнае агенцтва, мае вэб-сайты, мабільнае прыкладанне, радыёвяшчальную службу Радыё Sputnik і прэс-цэнтры. Галаўны офіс знаходзіцца ў Маскве. Мае рэгіянальныя прадстаўніцтвы і бюро ў розных краінах, у тым ліку ў ЗША і Кітаі.
“Sputnik Беларусь” – аддзяленне ў Беларусі, працуе са снежня 2014 года. Займае праўладную пазіцыю, распаўсюджвае навіны, радыё і відэа.
Беларускае Радыё Рацыя






