BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Трагічны лёс Сымона Баранавых

1 верасня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка Сымона Баранавых (1900-1942).

Сымон Баранавых нарадзіўся ў вёсцы Рудкова Уздзенскага раёна. Сапраўднае яго прозвішча было Баран. Сымонавы бацькі былі малазямельнымі сялянамі. Змалку зведаў ён цяжкую вясковую працу. У сямігадовым узросце стаў пастухом, пасля батрачыў. І хоць меў прагу да кніг, да 20 гадоў атрымаў толькі пачатковую адукацыю.

У 1920 годзе Сымона прызвалі ў Чырвоную Армію. Вось тады пісар і памяняў яму прозвішча на Баранаў. Ці па звычайнаму недагляду, а мо палічыў, што Баран гучыць немілагучна. У войску Сымон праслужыў тры гады: як кулямётчык удзельнічаў у баях з белапалякамі, быў паранены. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску. Працаваў у сельсавеце, з’яўляўся членам камітэта ўзаемадапамогі, загадваў хатай-чытальняй. Стаў і актыўным селькорам, дасылаючы ў сталічныя рэдакцыі допісы, карэспандэнцыі. Але разумеў, што трэба вучыцца далей. Таму і падаў у 1925 годзе заяву на рабфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Тут у поўную сілу разгарнулася актыўная, дзейсная натура Сымона. Ён ўваходзіў у рэдкалегію насценнай газеты «Голас рабфакаўца», прымаў удзел у выпуску вуснай газеты, у мастацкай самадзейнасці. Усе, хто ў той час бачыў Сымона на сцэне, прадказвалі яму шлях артыста. Аднак літаратура была першым і адзіным захапленнем Сымона. Скончыўшы ў 1928 годзе рабфак, паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.

Універсітэт Сымон Баранавых скончыў у 1931 годзе. Пасля размеркавання трапіў у Беларускі радыёцэнтр, пасля быў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Беларусь калгасная», працаваў у бібліятэцы Дома пісьменніка. Яшчэ ў 1928 годзе малады аўтар стаў членам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У 1933 годзе ўвайшоў у Беларускую асацыяцыю сялянскіх пісьменнікаў. Аднак на першым плане была творчая праца, таму Баранавых хутка развітваецца са службай, цалкам аддае сябе прозе.

На жаль, яго творчасць была непрацяглай. Ноччу 3 лістапада 1936 года Сымона Баранавых арыштавалі, назвалі ворагам народа. Абвінаваўчае заключэнне атрымаў амаль праз год, 2 кастрычніка 1937 года. Спецыяльная калегія  Вярхоўнага суда БССР асудзіла 4 кастрычніка 1937 года Баранава-Баранавых Сымона Якаўлевіча па артыкулах 72, 76, 145 тэрмінам на 10 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў і пяць гадоў пазбаўлення ўсіх правоў. Выслалі юнака ў Новасібірскую вобласць, а адтуль — на Калыму. Там пісьменніка і напаткала заўчасная смерць. Яго не стала 10 лістапада 1942 года. Рэабілітаваны ён быў у 1954 годзе.

Першыя апавяданні Сымона Баранавых, а іх каля дваццаці, апублікаваны ў газетах «Чырвоная змена», «Савецкая Беларусь», часопісах «Маладняк», «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча». Гэта своеасаблівыя, блізкія да нарысаў, рэалістычныя замалёўкі сялянскага побыту.

У 1927 годзе ў «Чырвонай змене» выступіў з апавяданнем «У млыне». Не прымусіла сябе чакаць і першая кніга — ёй стаў зборнік апавяданняў «Злосць», выдадзены ў 1930 годзе.

Ад апавяданняў Баранавых хутка перайшоў да аповесцяў. Першая з іх — «На абрэзках зямлі» — была змешчана ў часопісе «Маладняк» у 1928 годзе. У далейшым даў твору іншую назву — «Чужая зямля».

Пасля «Чужой зямлі» Сымон Баранавых напісаў аповесці «Межы» і «Новая дарога», тэматычна звязаныя з першай. Атрымалася свайго роду трылогія. Пісьменнік паэтапна прыглядаўся да працэсаў абуджэння вёскі — сацыяльнае расслаенне яе перад вялікімі сацыяльнымі зрухамі у «Чужой зямлі», пачатак калектывізацыі ў «Межах», размах калектывізацыі ў «Новай дарозе».

Сама эпоха з яе супярэчлівасцю і драматызмам вызначыла задуму рамана «Калі ўзыходзіла сонца». Праз вобразы галоўных герояў ён адлюстроўвае само адраджэнне народа, яго імкненне да нацыянальнага разняволення. У 1936 годзе першая кніга рамана была завершана, але свет пабачыла толькі ў 1957 годзе.

Пісаў Сымон Баранавых і для дзяцей. Апавяданні «Адступленне», «Два кастры», «Фантазія», «Парадны камандзір», «Хлопчык Петручок» друкаваліся ў дзіцячых часопісах. Асаблівай папулярнасцю ў тагачаснага чытача карысталася аповесць «Пастка». Час дзеяння аповесці — першыя паслярэвалюцыйныя гады, калі кантрасты старога і новага ў вёсцы сталі надзвычай рэзкімі.

Сымон Баранавых быў пісьменнікам па прызванні, таму і жыў новымі творчымі планамі. Нават у ссылцы сачыў за творчым жыццём на Беларусі. Трагічны лёс не дазволіў ажыццявіць творчыя планы. Але і тое, што ён паспеў зрабіць, ставіць яго імя побач з лепшымі пісьменнікамі таго часу. Апавяданні, аповесці, раман Сымона Баранавых — самабытная, цікавая і яркая старонка ў развіцці нашай нацыянальнай літаратуры.