
Мінула толькі два месцы 2025 года, але выдавецтва ўжо мае шэраг кніжных навінак. Пра само выдавецтве, выдадзеныя кнігі і пра планы расказаў рэдактар выдавецтва Ігар Іваноў у размове з Васілём Кроквам.
РР: Выдавецтва «Скарына» ўжо працуе трэці год, наколькі я ведаю. Ці можна падвесці вынікі трох гадоў? Што самае асноўнае для вас?
— Ну, выдавецтву будзе тры гады ў жніўні, ужо праз паўгода, гэта праўда. Калі казаць пра вынікі, я б сказаў, што мы навучыліся працаваць у Брытаніі далёка ад асноўных асяродкаў беларускай супольнасці. Гэта было даволі складана і часам балюча вучыцца. Але, з другога боку, гэта было вельмі захапляльна, бо ў працэсе мы знаёміліся з цудоўнымі людзьмі, з якімі, напэўна, ніколі б не перасекліся ў жыцці. Гэта і аўтары, і іншыя выдаўцы, і кнігагандляры, і людзі, што займаюцца прамоцыяй беларускай культуры — перадусім у Польшчы і Літве, але таксама ў іншых краінах. Ну, і галоўнае дасягненне, думаю, у тым, што мы сталі часткай вельмі багатага беларускага жыцця за мяжой — менавіта так, як мы і хацелі.
РР: А калі казаць пра функцыянаванне вашага выдавецтва, якім чынам усё адбываецца? Вы самі робіце рэдактуру, макеты, а потым друкуеце? І дзе друкуеце? Я ведаю, што ў Польшчы нават друкуеце?
— Па-рознаму адбываецца. У кожнай кнігі свой шлях, таму што і аўтары розныя, і характар кніг розны. Часам аўтары самі знаходзяць спосабы, каб іх кніга загучала найлепш. Але мы, канешне, любім быць часткай падрыхтоўкі кнігі. У нас ёсць рэдактары — збольшага яны жывуць у Беларусі. Пра некаторых мы можам гаварыць, пра іншых ніколі не гаворым. Адных называем сапраўднымі імёнамі, а іншых пазначаем толькі псеўданімамі ў кнігах.
Тое самае і з мастакамі — ёсць тыя, хто жыве ў Польшчы, у Італіі, ёсць дызайнеры ў Беларусі. Кнігі рыхтуюцца ў Лондане, усе тэхнічныя падрыхтоўчыя працы там адбываюцца. З Лондана мы камунікуем з друкарнямі. Працавалі з некалькімі друкарнямі ў Брытаніі, у Літве, а цяпер знайшлі цікавую друкарню пад Варшавай. Наш першы досвед працы з імі нам вельмі спадабаўся, таму, думаю, будзем працягваць друкаваць у Польшчы.
Але ўвогуле выдавецтва таксама пачыналася з ідэі друкаваць кнігі на запыт паводле прынцыпу «print on demand». Гэта калі выдавецтва не друкуе вялікі наклад, а працуе з рознымі платформамі, такімі як Amazon, і кнігі друкуюцца толькі тады, калі нехта іх заказвае. Мы працягваем і будзем працягваць гэты фармат. Гэта дазваляе нашым кнігам быць даступнымі, калі не ва ўсіх краінах свету, то ў многіх. Я, напрыклад, глядзеў, што нашы паэтычныя зборнікі можна вельмі лёгка заказаць нават у Японіі, праз японскі Amazon.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Навінкі выдавецтва «Скарыны», як і ранейшыя іх выданні, можна адшукаць у беларускіх інтэрнэт-кнігарнях, якія працуюць у Польшчы. А таксама на розных кніжных кірмашах і культурніцкіх мерапрыемствах.
Беларускае Радыё Рацыя






