У Цэнтры прамоцыі рэгіёну «Czerlonka» ў Гайнаўцы у супрацы з «Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку» прайшла творчая сустрэча з падляшскім беларускім пісьменнікам і журналістам Міхалам Андрасюком. Нагодаю для сустрэчы стаў выхад зборніка ранейшых твораў Міхала ў перакладзе на польскую мову Марціна Рэмбача «Żubr i inne opowiadania».

Гавораць аўтар, арганізатары і госці вечарыны:
-Гэта выбраныя апавяданні, якія друкаваліся ў двух маіх першых кнігах. У “Фірме” – яна выйшла ў 2000 годзе і ў “Мясцовай гравітацыі” – 2004 год. Гэтыя кнігі былі на беларускай мове, а вось зараз з’явілася нагода, каб паказаць іх польскаму чытачу, тым, хто не чытае па-беларуску.
-Прыйшло на сустрэчу многа людзей. Мы рады, што прыйшлі таксама сяброўкі і сябры з сярэдняй школы, у якой вучыўся Міхась Андрасюк. Гэта вельмі файная справа. Вось тут мы размаўляем, а ў суседнім пакоі вялікая чарга з кніжкамі да Міхася па ягоны аўтограф.
-Мы ведалі, што Міша піша, творчы чалавек, але не думалі, што аж так!
Гэта была першая прэзентацыя зборніка «Żubr i inne opowiadania» на радзіме аўтара. А наступная такая сустрэча пройдзе неўзабаве ў Беластоку. 22 кастрычніка, у клубе «Zmiana Klimatu». Пачатак а 18:30.












Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя