Творчая сустрэча з сям’ёй Бартосікаў-Карпіловічаў прайшла 15 сакавіка ў віленскім Доме нацыянальных супольнасцяў.


Падчас імпрэзы Зміцер Бартосік падзяліўся з прысутнымі сваімі гумарыстычнымі творамі, анекдотамі і гісторыямі са свайго жыцця, праспяваў некалькі песень. Але больш спеваў гучала ў выкананні яго дачкі Юстыны Карпіловіч пад акампанемент баяна маці Таццяна Карпіловіч і блок-флейты брата Геральда Бартосіка.
Пісьменнік і музыка Зміцер Бартосік распавёў, як яны сям’ёй рыхтаваліся да выступу ў Вільні:
– Падбіралі мы, як заўжды, блокамі. Я не лезу ў іхнюю кухню, што там будзе Юстына спяваць. Яны не лезуць у маю. Звычайна ў нас цяпер так адбываецца, што я чытаю што-небудзь вясёлае, стараюся штосьці новенькае напісаць, таму што многія людзі ўжо чулі. Анекдот, расказаны другі-трэці раз, ужо не такі смешны. А яны нешта сваё рыхтуюць. Але ўсё роўна людзі хочуць маіх песень, маўляў, чытаеш ты добра, але заспявай.
Падчас сустрэчы са сваімі творамі выступілі пісьменнік і праваабаронца Сяржук Сыс, журналіст і грамадскі актывіст Андрэй Мялешка і арганізатар імпрэзы – грамадскі актывіст Ілля Міронаў.

Сяржук Сыс падзяліўся сваімі адчуваннямі і ўспамінамі:
– Заўсёды, калі я сустракаюся са Зміцерам Бартосікам, у мяне такое першае адчуванне – гэта хуліганскае. Таму што памятаю яго маладога, энергічнага, калі ён браў гітару і спяваў. І пераклады Высоцкага. І рабіў тое, што мы не асмельваліся. А ён быў маладзейшы чым мы. Гэта здзіўляла заўсёды. І таму я выступаў, і ўспамінаў ягоныя вершы, ягоныя першыя кнігі. Гэта дае энергетыку нейкую, калі прысутнічаеш на яго выступе.
Напрыканцы творчай сустрэчы з сям’ёй Бартосікаў-Карпіловічаў кіраўнік віленскай арганізацыі “Сябрына” Валянцін Стэх разам з Кастусём Ларковым уручылі падарункі выступоўцам. Пасля гэтага быў зроблены агульны здымак усіх жадаючых з выступоўцамі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

















Беларускае Радыё Рацыя