BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Творы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш на паштовых марках

11 студзеня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Маляванка».

Маляваныя дываны, яны ж маляванкі – асаблівы від народнага мастацтва Беларусі. Яго адносяць да так званага наіўнага мастацтва – кірунку прымітывізму. Маляванкі ўяўляюць сабой вялікія (да 2 метраў) дываны, намаляваныя, як правіла, на даматканым палатне, афарбаваным у чорны колер.

Маляванкі атрымалі вялікае распаўсюджванне ў перыяд з 1920-х па 1960-я гады. Іх вешалі на сцены ў дамах для ўпрыгажэння або як абярэг. Паступова гэты від мастацтва пайшоў на спад з-за развіцця фабрычнай вытворчасці дываноў.

Сёння маляваныя дываны можна ўбачыць у музеях Беларусі. Самая вялікая калекцыя (каля 300 адзінак) знаходзіцца ў зборы гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Найбольш вядомыя і самабытныя мастакі, якія працавалі ў гэтым напрамку, – гэта Алена Кіш і Язэп Драздовіч, чые творы і прадстаўлены на паштовых марках з серыі «Маляванка».

Дызайн марак ажыццявіла Яўгенія Бядонік, фота Сяргея Плыткевіча. Праект падрыхтаваны Белпоштай у супрацоўніцтве з гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе».

Беларускае Радыё Рацыя