Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук (НАН) Беларусі з 16 па 20 лютага правядзе шэраг імпрэзаў да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

На працягу тыдня пройдзе шмат розных мерапрыемстваў. Гэта – лекцыі, семінары, круглыя сталы, інтэрактыўныя заняткі, творчыя сустрэчы і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Усе яны прысвечаны праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы ў Беларусі, дзе ў апошні час беларуская мова нахабна ігнаруецца і знішчаецца ўладамі.
Напрыклад, 16 лютага адбудзецца творчая сустрэча маладых навукоўцаў НАН Беларусі з пісьменнікам, журналістам, тэлевядучым Навумам Гальпяровічам. У ходзе сустрэчы будзе абмеркавана шырокае кола праблем, звязаных з мовай мастацкай літаратуры, жыццёвым крэда пісьменніка, сучасным літаратурным працэсам.
Адбудзецца навукова-практычны семінар для настаўнікаў беларускай мовы Маскоўскага раёна г. Менска, накіраваны на знаёмства настаўнікаў з дасягненнямі акадэмічнага мовазнаўства і іх практычнае выкарыстанне ў школьнай адукацыі.
17 лютага пачнецца сустрэча супрацоўнікаў сектара камп’ютарнай лінгвістыкі з маладымі вучонымі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і выкладчыкамі ВНУ краіны Падчас сустрэчы маладыя навукоўцы пазнаёмяцца з распрацоўкамі сектара і адкрыюць для сябе новыя магчымасці выкарыстання камп’ютарных тэхналогій у гуманітарных навуковых даследаваннях.
Пройдзе круглы стол «Славістыка. Этналінгвістыка. Этымалогія», мэта якога – папулярызацыя навукі і атрыманне прафесійна-арыентацыйнага вопыту.
18 лютага адбудзецца гульня-віктарына «Беларускі каляндар», падчас якой дзеці ў гульнявой форме даведаюцца аб паходжанні назваў месяцаў у беларускай мове, аб святах і асаблівасцях баўлення часу ў кожную пару года.
19 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа (г. Менск, вул. Сурганава, д. 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр) пройдзе рэспубліканскі семінар на тэму «Слова, кніга, навука: прастора прафесійнага дыялогу», прысвечаны абмеркаванню ролі бібліятэк як найважнейшай прасторы захавання, вывучэння і папулярызацыі моўнай спадчыны. Наступным мерапрыемствам будзе сустрэча са студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ і лінгвістычны квіз «Мовазнаўцы». Таксама пройдзе мовазнаўчы квіз – «Слова да слова – будзе мова» з удзелам вучняў ДУА «Гімназія № 22 г. Менска», студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Прэзентацыя альбомаў серыі «Фальклорныя скарбы беларусаў» у суправаджэнні выступленняў фальклорных калектываў і выставы выцінанкі пачнецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў 15 гадзін.
20 лютага навукоўцы-дыялектолагі правядуць лекцыю для навучэнцаў старэйшых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 178 г. Менска» на тэму «Лексічныя багацці жывой беларускай мовы: навуковыя крыніцы па іх вывучэнні», якая будзе накіравана на знаёмства з выданнямі ў галіне беларускай нацыянальнай мовы, прысвечаным апісанню багаццяў беларускіх народных гаворак, такімі як слоўнікі, лінгвагеаграфічныя атласы і хрэстаматыі па дыялекталогіі, і іх папулярызацыю (ДУА «Сярэдняя школа № 178 г. Менска»). У гэты ж дзень з 13.00 па 14.15 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН будзе праходзіць Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і Года жанчыны. Дыктоўка будзе трансліравацца таксама па канале «Культура» Беларускага радыё.
У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (вул. Сурганава, д. 1) пройдзе творчая сустрэча навукоўцаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа са школьнікамі ДУА «Сярэдняя школа № 140 г. Менска», ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Жодзіна» і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў «Матуля і мова – з калыскі адное». Навучэнцаў ДУА «Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Менска» чакае інтэрактыўная лекцыя «Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак куток і аснова» (ДУА «Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Менска», пр. Незалежнасці, д. 45).
21 лютага ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь адбудзецца лекцыя «Наша мова – наша спадчына: з гісторыі роднай мовы» з лінгвістычнай віктарынай. Падчас мерапрыемства курсанты асвяжаць свае веды аб мінулым роднай мовы, даведаюцца аб станаўленні яе лексічнага фонду, пазнаёмяцца з помнікамі пісьменства, а таксама з біяграфіямі людзей, якія спрыялі развіццю беларускай мовы.
23 лютага на базе Шумілінскага раёна пройдзе раённая канферэнцыя даследчых прац навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі «Родны край у люстэрку навукі», у рамках якой будзе працаваць секцыя па мовазнаўстве.
24 лютага адбудзецца прэзентацыя выданняў пастаўчан і пра Пастаўшчыну, арганізаваная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і Віцебскай абласной бібліятэкай. У Брацтве ў гонар святога апостала Іаана Багаслова Менскай епархіі БПЦ супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа правядуць інтэрактыўную гульню «Логас», якая пазнаёміць з асноўнымі персанажамі, гісторыямі і каштоўнасцямі Святога Пісання. Адбыдзецца і шэраг іншых карысных і цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы.
Беларускае Радыё Рацыя






